Гімназія пацвярджае высокі статус

Адукацыя Главное

Па выніках работы за мінулы год упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама адзначае гімназію № 1 г. Стоўбцы. Аб поспехах навучальнай установы мы вядзём размову з дырэктарам Дзмітрыем Клімовічам.

– Дзмітрый Іванавіч, такія вынікі адпавядаюць высокаму статусу гімназіі, адзінай у раёне.

– Так, для нас гэта сведчанне прызнання прафесіяналізму і кампетэнтнасці педагагічнага калектыву. Задача любой установы адукацыі – даць якасныя адукацыйныя паслугі, і крытэрыем у першую чаргу з’яўляюцца вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, паступленне выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы, удзел вучняў у рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах, конкурсах і турнірах. Па ўсіх пералічаных напрамках мінулы год быў паспяховым для гімназіі.

– І якія дасягненні вам хацелася б адзначыць?

– На павышаным узроўні ў 10–11 класах вывучаліся матэматыка, хімія, біялогія, фізіка, англійская і руская мовы. У выніку мэтанакіраванай работы педагагічнага калектыву па забеспячэнні якасці адукацыі сярэдні бал нашых выпускнікоў на цэнтралізаваным тэсціраванні склаў 64, а па фізіцы – 78, гэта другое месца ў рэспубліцы. 26 выпускнікоў з 30 сталі студэнтамі  вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны і за яе межамі. Паспяховым быў 2019 год і для алімпіяднага руху. Чацвёра вучняў у складзе раённай каманды прымалі ўдзел у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды і вярнуліся з перамогамі. У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды Дзіяна Валахановіч і Валерыя Бухавецкая атрымалі высокія ўзнагароды. Дзіяна Валахановіч пацвердзіла свае трывалыя веды па рускай мове і літаратуры на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы, атрымаўшы лаўрэацкі дыплом ІІІ ступені.  Гэтая старанная вучаніца па выніках 2019 года стала пераможцай конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці». Яна Дзям’янка прывезла для славы гімназіі дыплом І ступені з рэспубліканскага фестывалю-конкурсу праектаў «Нашчадкі традыцый». Вучні гімназіі ў складзе каманды Стаўбцоўскага раёна заваявалі дыплом ІІ ступені ў турніры юных хімікаў і дыплом ІІІ ступені – у турніры юных матэматыкаў вобласці. Мінулы год быў багатым і на творчыя перамогі. Гэта дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе «Запаведная Беларусь», дыпломы І і ІІ ступеняў на абласным этапе конкурсу «Школа бяспекі», чатыры дыпломы І ступені на абласным этапе V рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Здравствуй, мир!».

– Калі ўзяць да ўвагі перамогі вашых вучняў у прадметных алімпіядах  у новым каляндарным годзе, то можна сказаць, што ён таксама дае шмат надзей на добрыя вынікі.

– Так, педагагічны калектыў  будзе рабіць усё для таго, каб і 2020 год быў не менш выніковым і паспяховым. Добры задзел ужо зроблены: трое нашых вучняў – Дзіяна Валахановіч, Валерыя Бухавецкая і Яна Дзям’янка – атрымалі права ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і праходзяць зборы ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара                      



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *