Разам з павесткай – новы этап у жыцці

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

На Стаўбцоўшчыне прайшоў раённы Дзень прызыўніка. 43 хлопцы часова зменяць у гэтыя цудоўныя майскія дні свой звычны род заняткаў і папоўняць беларускае войска. Прызыўнікі падзяліліся думкамі, падвялі своеасаблівую рысу перад новым, надзвычай важным і адказным, этапам у жыцці кожнага мужчыны.

Іван Шкуцько:

– Акурат перад службай я адвучыўся на вадзіцеля ў раённым вучэбным цэнтры, куды трапіў па накіраванні райваенкамата. Днямі здаў экзамены і атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорый «В» і «С». Служыць іду ў спецназ, таму, думаю, атрыманыя навыкі будуць карыснымі. Увогуле я планую застацца на звыштэрміновую службу, звязаць з арміяй сваё жыццё. Бацька, калі даведаўся, што мяне прызываюць, адобрыў ход падзей, прыгадаў сваю армейскую маладосць. Успомніў, як ён знайшоў надзейных сяброў, як менавіта ў армейскім калектыве зразумеў і спасціг многія важныя жыццёвыя рэчы. Прадчуваю, што і мне давядзецца прайсці гэтую навуку. Мне яна ўжо цікавая…       

Мікіта Трубяцкі:

– Я сам стаўбчанін, але працую ў Мінску на “Чыжоўка-Арэне”. Займаюся забеспячэннем гэтага спартыўнага збудавання электрасувяззю. Атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі. Цяпер іду служыць. Род войскаў мне вельмі падабаецца – паветрана-дэсантныя войскі, што ў Мар’інай Горцы. Калісьці служылі ў арміі мой бацька, дзядуля. І мне таксама трэба, каб не было сорамна перад сёстрамі, перад сваёй дзяўчынай. З Наталляй сябруем два гады, ад яе бацькі я захапіўся паляваннем. Ахвотна займаюся спортам. Мае далейшыя планы звязаны з арміяй – хачу застацца служыць і пасля тэрміновай ваеннай службы. 

Віктар Ключнік:

– Не вельмі далёка ад мемарыяльнай сядзібы “Дзяржынава”, у вёсцы Дружная, я вырас. Тут бываў не адзін раз з аднакласнікамі і самастойна. Сёння ж тут атрымліваю павестку… Уражанні ад гэтага месца сапраўды незвычайныя, лёсавызначальныя для мяне. Пасля заканчэння БАТУ прыехаў у свой раён, ужо 10 месяцаў працую на пасадзе галоўнага энергетыка ААТ “Вялікі Двор”. Атрымліваю завочна другую вышэйшую адукацыю, звязаную з механізацыяй у сельскай гаспадарцы. Адчуваю сябе добра і гатовы адслужыць свой тэрмін “ад званка да званка”. Вырашана прызваць мяне на рэзервовую службу (у сельскай гаспадарцы адчувальны недахоп спецыялістаў). На зборы паеду ў часць, якая дыслацыруецца ў Асіповічах. Напішу адтуль маме і сваёй дзяўчыне.

Яўген Сачко:

evgen

– Па ўласным жаданні я выбраў службу ў сістэме Міністэрства ўнутраных спраў. Яна будзе праходзіць у Мінску. У сталіцы, і таксама пад кіраўніцтвам гэтага міністэрства, я працую пасля заканчэння Вышэйшага радыётэхнічнага каледжа. Месца маёй працы – аддзел Дэпартамента аховы Маскоўскага раёна. Пасля ўручэння павесткі ўсе думкі мае сканцэнтраваны на адным – каб годна адслужыць, каб год службы праляцеў хутчэй. Мне цяпер 25, мяне будзе чакаць каханая дзяўчына… У нашай сям’і пяцёра дзяцей – дзве сястры і тры браты. Старэйшыя  ўжо адслужылі, цалкам дасведчаныя ў гэтым плане, таму маральна мяне рыхтуюць, так бы мовіць, не пакідаюць свайго “меншага” без апекі. За гэта я люблю сваіх братоў.

Антон Шкляр:

anton

– Мяне прызываюць у пагранвойскі. Служыць буду ў горадзе Ліда. Чым займаўся да арміі? Спорт люблю, асабліва захапіўся тэнісам. У мяне шмат сяброў. Ёсць жаданне атрымаць адукацыю і стаць прафесіяналам, каб нечага значнага дабіцца ў жыцці. Закончыў энергакаледж. Паспеў папрацаваць у Мінску па спецыяльнасці. Завочна паступіў у БНТУ. Але пакуль – на паўтара года – перапынак у вучобе. Тата і мама хвалююцца на гэты конт, даюць мне шмат парад перад службай, ды – упэўнены – я іх не падвяду, пасля службы ўсё навярстаю. Як толькі прыбуду на месца – напішу бацькам пісьмо, заспакою іх тым, што ў мяне ўсё нармальна. Іначай і быць не можа!           

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *