Чорнае золата Стаўбцоўшчыны

Важное Эканомiка

ААТ «ТБЗ Нёман» – адносна невялікі завод, але ён абслугоўвае ледзьве не палову раёнаў Мінскай вобласці. Упершыню летась «нёманскі» торфабрыкет быў адгружаны і на экспарт, у Літву.

Шліфавальшчык Валяр’ян Рослік надае торфабрыкету адпаведную форму

Якасная прадукцыя (з каларыйнасцю больш за 4 тысячы ккал і попельнасцю да 15 працэнтаў) запатрабавана на рынку. Самыя актыўныя яе спажыўцы – філіялы ДП «Мінаблпаліва», якія набылі ў 2019 годзе 24,5 тысячы тон торфабрыкету, гэта на чвэрць больш, чым было запланавана. Значныя пастаўкі (звыш 16 тысяч тон) ажыццёўлены на цэментныя заводы рэспублікі.

– У 2019 годзе заводам выпушчана 45 тысяч тон прадукцыі, – зазначае яго дырэктар Міхаіл Камейша. – На даны момант мадэрнізуем на Мінскім станкабудаўнічым заводзе адзін з брыкетных прэсаў. Пасля заканчэння сезона ўстановім яго і такім чынам будзем мець рэзерв для бесперабойнай работы завода.

Летась, як і ў папярэднія гады, вельмі ўдала прайшоў сезон нарыхтоўкі сыравіны. Адпаведная арганізацыя працы і надвор’е паспрыялі таму, каб завяршыць яго ў рэкордна кароткія тэрміны. Літаральна за два месяцы было нарыхтавана 110 тысяч тон торфу (пры плане 95 тысяч тон) добрай якасці. За высокія вытворчыя паказчыкі ў сезоне здабычы дырэктар завода Міхаіл Камейша быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь.

– Працуем на перспектыву:  займаемся адводам участка плошчай 120 гектараў для здабычы торфу, – расказвае Міхаіл Камейша і тлумачыць: – Ужо сёлета нам неабходна будзе паставіць 7 тысяч тон фрэзернага торфу для кацельні на мясцовых відах паліва, якая ўзводзіцца ў райцэнтры.

Будзе да слова, што на Стаўбцоўшчыне радовішчы торфу ўтрымліваюць не менш за 2 мільёны 600 тысяч тон торфу, і гэтага хопіць не на адзін дзясятак гадоў дзейнасці завода.

За апошнія гады на заводзе рэалізавана цэлая праграма па паляпшэнні ўмоў працы, добраўпарадкаванні будынкаў і тэрыторый. Многія жыхары п. Нёман працуюць на заводзе некалькімі пакаленнямі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *