Дэлегацыя раёна адпраўляецца на VIII з’езд прафсаюзаў

Важное Соцыум

27–28 лютага ў Мінску адбудзецца VIII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У складзе 508 дэлегатаў краіны ад Стаўбцоўшчыны будуць старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч, старшыня прафсаюзнай арганізацыі філіяла холдынга «Мінскі маторны завод» Вольга Мішук.

Дэлегаты з’езда (злева направа): Тамара Калошыч, Юрый Ларычэў, Вольга Мішук

Перад ад’ездам дэлегацыі раёна на форум Юрый Ларычэў даў інтэрв’ю нашай газеце.

– Юрый Іванавіч, з якім настроем дэлегацыя нашага раёна адпраўляецца на з’езд?

– VIII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – значная падзея ў грамадскім жыцці нашай краіны. Для нас ганарова і разам з тым адказна прадстаўляць раён на гэтым маштабным форуме. На з’ездзе будуць вызначаны асноўныя напрамкі работы на бліжэйшыя пяць гадоў. Усе яны будуць адлюстраваны ў праграме дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на гэты перыяд. Мы ўжо працуем над даным дакументам. І для нас важна, каб у ім былі прадстаўлены інтарэсы і праблематыка, актуальная і для нашага раёна.

– Што вам бачыцца першаступенным?

– Найперш, устойлівае развіццё эканомікі рэгіёна, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей; у нашым невялікім горадзе з праблемамі працаўладкавання – забеспячэнне поўнай і прадуктыўнай занятасці з дастойнай заработнай платай; захаванне дзяржаўнага рэгулявання на камунальныя паслугі, газ, паліва, электраэнергію, медыкаменты, сацыяльна значныя тавары і паслугі; сацыяльная абароненасць членаў прафсаюзаў і многія іншыя пытанні.

– Юрый Іванавіч, на з’ездзе будуць падведзены вынікі работы федэрацыі за пяць апошніх гадоў па ўсіх напрамках. Які ўнёсак прафсаюзаў Стаўбцоўшчыны?

– За гэты перыяд у Стаўбцоўскім раёне праведзены 44 прававыя прыёмы грамадзян, на якія звярнуліся 117 чалавек з 136 пытаннямі. Адзін чалавек адноўлены на рабоце, выплачана працаўнікам каля 4 тысяч рублёў, якія былі незаконна ўтрыманы. Большасці з тых, хто звярнуўся, была дадзена бясплатная юрыдычная кансультацыя. У адпаведнасці з планам работы ФПБ па ажыццяўленні грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы, штогод рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі наведвае наш раён. У мінулым годзе, напрыклад, тэхнічнай інспекцыяй працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі праведзены маніторынгі ў 10 арганізацыях. Па іх выніках выдадзены дзевяць рэкамендацый аб ухіленні 102 выяўленых парушэнняў заканадаўчых актаў аб ахове працы і адна даведка. Акрамя планавых маніторынгаў штогод праводзяцца месячнікі грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы ў аграпрамысловых арганізацыях падчас важных сельскагаспадарчых кампаній. Толькі ў мінулым годзе быў праведзены такі маніторынг у 46 арганізацыях нашага раёна, па выніках якога 43 кіраўнікам выпісаны рэкамендацыі аб ухіленні выяўленых недахопаў. Пералік значных спраў прафсаюзаў, якія прынеслі вынікі па абароне правоў і інтарэсаў працаўнікоў, можна працягваць. Аднак яшчэ ёсць над чым працаваць. З’езд прафсаюзаў дасць нам новы імпульс для далейшай дзейнасці па абароне сацыяльна-эканамічных і працоўных інтарэсаў усіх катэгорый людзей, занятых у розных галінах.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *