І дзе на свеце ёсць такі куточак, як мілая Стаўбцоўшчына мая…

Главное Год малой родины

На Стаўбцоўшчыне прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілейнай даце – 80-годдзю ўтварэння раёна.

У гэты дзень, нягледзячы на тое што на вуліцы каляндарная зіма, у паветры адчуваліся павевы вясны. Гэта таксама стварала святочны настрой. Яшчэ задоўга да пачатку мерапрыемства ў Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры было шматлюдна. Урачыстая атмасфера адчувалася з парога. Цэнтр культуры гасцінна запрашаў перадавікоў вытворчасці, кіраўнікоў арганізацый, былых кіраўнікоў раёна, ветэранаў, гасцей на ўрачыстае мерапрыемства.

У фае госці знаёміліся з выставай прадукцыі мясцовай вытворчасці – ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», СЗАТ «Агракамбінат Колас», Стаўбцоўскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства. Жадаючыя маглі прадэгуставаць мясныя, каўбасныя вырабы, паласавацца сокамі, фруктовымі напаўняльнікамі, кулінарнай і кандытарскай прадукцыяй.

Свае выставы прадставілі ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, мясцовыя майстры.

Урачыстасць адкрылася праглядам кінафільма аб развіцці і дасягненнях Стаўбцоўскага раёна, аб прафесійным майстэрстве перадавікоў вытворчасці.

На сцэну запрашаецца старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень. Дзяніс Сяргеевіч вельмі цёпла звярнуўся да ўдзельнікаў і гасцей свята, падзякаваў за працу, за значны ўклад у агульную скарбонку сацыяльна-эканамічнага развіцця Міншчыны. «Я ўпэўнены, што наш раён будзе дынамічна развівацца і далей. Вынікі працы – пацвярджэнне гэтага. А Год малой радзімы, юбілей раёна і 75-годдзе Вялікай Перамогі стануць для нас стымулам для дасягнення пастаўленых задач і для росквіту нашай Стаўбцоўшчыны…»

Апладысментамі сустрэлі госці свята старшыню Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына.

– На працягу 80 гадоў Стаўбцоўскі раён развіваўся: ствараліся вытворчасці, калгасы, будавалася жыллё, закладваліся асновы эканамічнага росту і дабрабыту людзей. Вы дастойна прайшлі ўсе этапы развіцця, – сказаў Аляксандр Генрыхавіч і звярнуў увагу прысутных на тое, што перад вобласцю, і Стаўбцоўскім раёнам у тым ліку, стаяць маштабныя задачы. Патрэбна актыўней укараняць сучасныя тэхналогіі, нарошчваць экспарт і прыцягваць інвестыцыі, развіваць прадпрымальніцтва, ствараць новыя рабочыя месцы, г. зн. рабіць усё магчымае для дабрабыту людзей, умацавання эканомікі краіны. Губернатар адзначыў, што Мінскі аблвыканкам імкнецца аказваць падтрымку: у Стоўбцах у бягучым годзе пачнецца будаўніцтва сярэдняй школы № 4.

Аляксандр Турчын узнагародзіў кіраўнікоў і перадавікоў працоўных калектываў ганаровымі граматамі аблвыканкама і падзякамі старшыні.

Дзяніс Колясень уручыў старшыні Мінскага аблвыканкама сувенір на памяць аб удзеле ў святочных мерапрыемствах на Стаўбцоўшчыне. У сваю чаргу Аляксандр Турчын падзякаваў за цёплы прыём і запэўніў, што 2022 год стане знакавым для Стаўбцоўскага рэгіёна: у горадзе Стоўбцы пройдуць абласныя «Дажынкі».

Затым на сцэне ўшаноўвалі лепшых работнікаў з усіх сфер дзейнасці раёна. Каля 150 чалавек атрымалі ўзнагароды з рук старшыні райвыканкама.

Павіншаваць працаўнікоў Стаўбцоўшчыны са святам прыехалі шаноўныя госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Мамайка, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі, старшыня Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода, дэлегацыі Дзяржынскага, Уздзенскага, Маладзечанскага, Нясвіжскага, Валожынскага, Навагрудскага, Карэліцкага раёнаў, Кастрычніцкага раёна г. Мінска, Гарадзейскага цукровага камбіната, Слуцкага сыраробнага камбіната, малочных заводаў № 1 і № 2 горада Мінска. Прыехалі павіншаваць стаўбчан і жыхароў раёна нашы землякі – сям’я Лапко, якія ўжо не першы раз падымаюць сцяг горада Стоўбцы на самыя высокія вулканы Еўропы, Афрыкі, Азіі. Паступіў віншавальны адрас ад былога старшыні райвыканкама Уладзіміра Радзевіча, які па стане здароўя не змог прысутнічаць на свяце.

Выдатным падарункам для ўдзельнікаў урачыстасці сталі канцэртныя нумары ў выкананні творчых калектываў раёна, Цэнтра культуры, дзіцячай школы мастацтваў. Закончылася мерапрыемства канцэртнай праграмай беларускага гурта Aura. Свята атрымалася яркім, запамінальным.

Гісторыя Стаўбцоўшчыны прадаўжаецца. У раёна наперадзе шмат перамог і поспехаў, бо тут жывуць таленавітыя і працавітыя людзі, якія сваімі справамі ўслаўляюць наш родны, дарагі куточак, сваю малую радзіму – Стаўбцоўшчыну.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *