І будучыня, і сучаснасць

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Са Звароту ўдзельнікаў канферэнцыі да моладзі раёна

Залогам плённай работы маладзёжнага саюза паслужылі багатая гісторыя, слаўныя справы, баявыя і працоўныя подзвігі камсамола. БРСМ – дастойны пераемнік камсамола. Канструктыўная і мэтанакіраваная дзейнасць арганізацыі дазволіла аб’яднаць намаганні ўсіх пакаленняў у імя адзінай і высакароднай мэты: стварэння моцнай і квітнеючай Беларусі. 

Мы заклікаем моладзь і маладзёжныя арганізацыі мацаваць сувязь пакаленняў, аб’ядноўваць нашы намаганні на развіццё роднай краіны.

Адбылася Vсправаздачна-выбарная канферэнцыя Стаўбцоўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Яна падвяла вынікі дзейнасці арганізацыі на працягу апошніх чатырох гадоў, акрэсліла перспектывы на дзень заўтрашні.

У грамадстве культывуецца ходкі стэрэатып: моладзь – наша будучае. Але моладзь – гэта, у першую чаргу, і наша цяперашняе, сучаснае, што жыве надзённымі клопатамі і жывіцца энергіяй ініцыятывы, але чые будні ніяк не абыходзяцца без праблем. Такі канструктыўны тон у рабоце канферэнцыі быў зададзены намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Шэсцелем. Ён засяродзіў увагу на аспектах Паслання Прэзідэнта Беларусі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Адзначыўшы лепшыя праекты і ідэі БРСМ, якія паслужылі згуртаванню моладзі, удзелу яе ў сацыяльна-палітычным жыцці раёна, указаў і на такія закаранелыя хібы ў маладзёжным асяроддзі, як адсутнасць ініцыятывы знізу, інфантыльнасць і т. п.

Са справаздачай выступіла перад дэлегатамі в. а. першага сакратара раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. Па словах дакладчыцы, сярод першачарговых задач маладзёжнай арганізацыі – пашырэнне яе радоў. У 2014 годзе 1000 дзяўчат і юнакоў аб’яднаны ў 80-ці “пярвічках”. Прычым, самыя шматлюдныя ячэйкі БРСМ дзейнічаюць не ў працоўных калектывах, а ў школах (Дзераўнянская, школы № 2 і № 3 горада Стоўбцы і інш.).

Асноўнымі напрамкамі дзейнасці раённай арганізацыі з’яўляюцца патрыятычнае выхаванне моладзі, прапаганда здаровага ладу жыцця, другасная занятасць, прафілактыка правапарушэнняў, валанцёрская дзейнасць. Сярод значных акцый варта назваць такія, як “Дзякуй за Перамогу” (сумесная з піянерскай арганізацыяй), “Мы – грамадзяне Беларусі”, “Разам за моцную і квітнеючую Беларусь”, “Маладосць. Традыцыі. Будучае”. У раёне працуе абаронна-спартыўны лагер “Абаронца Айчыны”. Традыцыйнымі сталі раённыя Дні прафілактыкі і акцыі – “Дастукацца да нябёсаў”, “Дрэва памяці”, турысцкія злёты рабочай моладзі. Набіраюць размах валанцёрскі рух, правядзенне дабрачынных марафонаў, якія накіраваны на аказанне дапамогі дзецям і маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі, інвалідам і цяжка хворым ветэранам вайны і адзінокім пажылым людзям.

Як падкрэсліла Анастасія Калодзінская, дзейнасць БРСМ, што праводзіцца сумесна з іншымі маладзёжнымі, прафсаюзнымі арганізацыямі, дазваляе рэалізоўваць у раёне дзяржаўную маладзёжную палітыку, выхоўваць актыўных грамадзян рэспублікі. Невыпадкова, што з ліку членаў БРСМ выйшлі многія кіраўнікі, якія працуюць сёння ў раённым выканаўчым камітэце, на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Прыкладам цеснага і плённага супрацоўніцтва пярвічных арганізацый і кіраўніцтва з’яўляюцца Стаўбцоўскія электрасеткі, Стаўбцоўскі філіял ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”, ААТ “Ашчадны банк Беларусбанк” філіял № 500 – Мінскае ўпраўленне цэнтр банкаўскіх паслуг № 624, установы адукацыі.

Поле дзейнасці для БРСМ – сапраўды агромністае, таму што напрамую звязана з замацаваннем на вёсцы маладых кадраў. Неабходна арганізоўваць для іх цікавае правядзенне вольнага часу, больш працаваць з мэтавымі групамі, у тым ліку па фарміраванні маладзёжных субкультур, выяўляць лідараў, часцей праводзіць вучобу актыву. У сучасных умовах для БРСМ немалаважна выходзіць на самаакупнасць, выкарыстоўваючы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Да прыкладу, варта ўкараняць праекты з ліку “100 ідэй для Беларусі”, адаптаваўшы іх да ўмоў нашага раёна.

Сёлета, як было падкрэслена на форуме, у Стоўбцах неабходна ўвесці ў строй фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Гэта будзе магутная пляцоўка для рэалізацыі разнастайных праектаў.            

У абмеркаванні ўзнятых праблем узялі ўдзел сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ школы № 2 горада Стоўбцы Кацярына Таратута, першы сакратар раённай арганізацыі КПБ Ніна Дубовік. Дзейнасць арганізацыі за справадачны перыяд прызнана здавальняючай.

Па выніках работы дыпломамі былі адзначаны самыя актыўныя пярвічныя арганізацыі БРСМ: гімназіі № 1, школы № 2 і № 3 горада Стоўбцы, Дзераўнянскай школы, Стаўбцоўскіх электрасетак. У рамках форуму на сцэне раённага Цэнтра культуры прайшоў урачысты прыём у члены БРСМ вучняў школ раёна. Выбраны рабочыя органы раённай арганізацыі БРСМ, дэлегаты на 34-ю справаздачна-выбарную канферэнцыю Мінскай абласной арганізацыі БРСМ і прыняты Зварот удзельнікаў канферэнцыі да моладзі Стаўбцоўшчыны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

З ПЕСНЯЙ НАШЫХ БАЦЬКОЎ

17-гадовы Павел Баран і 13-гадовая Надзея Рыцько, лаўрэаты міжнародных конкурсаў са Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў, прадстаўлялі наш раён на абласным фестывалі патрыятычнай песні і паэзіі “Песні юнацтва нашых бацькоў”.

На гэтым фестывалі, які праходзіць пад эгідай БРСМ, вучні праспявалі дуэтам і кожны – паасобку. Надзея выйшла на сцэну з лірычнай песняй “Мілавіца”, а Павел – з “Баладай аб салдацкай маці”. У зале хвалявалася за сваіх выхаванцаў вопытны педагог Надзея Зубовіч, падтрымлівала іх і мама Паўла. Магчыма, яе прысутнасць паўплывала на тое, што Павел прайшоў адбор у гала-канцэрт – кампетэнтнае журы выбрала яго з удзельнікаў сярэдняй узроставай групы.

– Фестываль “Песні юнацтва нашых бацькоў” адносіцца да традыцыйных і аднаго з самых любімых моладдзю. І Надзея, і Павел выступілі на ім дастойна, кожны паказаў свае здольнасці і грамадскую актыўнасць, пазіцыю свядомага грамадзяніна. Павел з’яўляецца членам БРСМ, а Надзея, думаю, пры дасягненні ўзросту, яшчэ выкажа жаданне папоўніць рады БРСМ. Віншую іх з удалым выступленнем і ўпэўнена: у такой моладзі – усё наперадзе, – падзялілася в. а. першага сакратара раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Песні нашых бацькоў, што вучаць і дапамагаюць, напаўняюць душу сілай і любоўю, не могуць быць забытымі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *