Адной сям’ёй з адным імкненнем

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

Па выніках работы за 2013 год Рубяжэвіцкай участковай бальніцы прысуджана першае месца сярод сельскіх лячэбна-прафілактычных устаноў цэнтральнай раённай бальніцы.

Як і многія дзяўчаты-расіянкі, Надзея Русецкая ў сярэдзіне 80-х прыехала ў Беларусь, аддаўшы руку і сэрца беларускаму хлопцу. Надзея Фёдараўна ўспамінае, што тады ў Карэлію (адкуль яна родам) прыбыў цэлы поезд студэнтаў беларускіх ВНУ ў будатрад. Надзея была студэнткай медыцынскага факультэта Петразаводскага ўніверсітэта, прайшла спецыялізацыю неўрапатолага ў Ленінградскім інстытуце ўдасканалення ўрачоў. Малады неўрапатолаг была размеркавана ў Вялікі Ноўгарад. Папрацавала да дэкрэтнага адпачынку і пераехала жыць на радзіму мужа, у Беларусь. Ён закончыў тэхналагічны ўніверсітэт, стаў спецыялістам у лясной галіне. Надзея Фёдараўна расказвае, што сем’і, якія стварыліся ў Карэліі, потым доўгі час падтрымлівалі сяброўства паміж сабою, абсталяваўшыся на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусі. І гэта вельмі прыемныя і адметныя моманты жыцця.

Муж быў размеркаваны на працу ў Стаўбцоўскі лясгас. Надзея Русецкая прыступіла да працы ўрачом-неўрапатолагам стаўбцоўскай раённай бальніцы. Неяк у яе лячылася стацыянарна бабуля па прозвішчы Залатар. Яна пачала гаварыць, што памёр галоўны ўрач Рубяжэвіцкай бальніцы, добры чалавек, яе сусед. І пачала агітаваць Надзею Фёдараўну ехаць працаваць у вёску.

Вечарам селі яны з мужам на матацыкл і паехалі «ў разведку» ў Рубяжэвічы. Аказалася, што і месца ляснічага тут таксама свабоднае. Так і пераехалі яны ў Рубяжэвічы працаваць і жыць.

З 1987 года Надзея Русецкая на пасадзе ўрача і загадчыцы Рубяжэвіцкай участковай бальніцы. Гэтага часу спаўна хапіла, каб палюбіць мясцовых людзей, прыжыцца тут. Участковая бальніца абслугоўвае не толькі жыхароў мясцовага Рубяжэвіцкага сельсавета, які зліўся ў мінулым годзе з Зусульскім, але і стаўбчан, жыхароў Літвенскага, Вішнявецкага сельсаветаў. Як правіла, лечацца тут людзі з хранічнымі захворваннямі. Для Надзеі Русецкай вузкая спецыялізацыя неўрапатолага вельмі дапамагае ёй на пасадзе ўрача агульнай практыкі. У дададатак да стацыянара тут працуюць 10 сацыяльных ложкаў для адзінокіх людзей, інвалідаў. Пра іх сардэчна клапоціцца медперсанал участковай бальніцы. Працуе таксама ўрачэбная амбулаторыя на 50 наведванняў у змену. Тут абслугоўваюцца ўсе мясцовыя жыхары, мамы з маленькімі дзеткамі, выпісваюцца на месцы бальнічныя лісты. Мясцовыя людзі маюць вельмі добрыя водгукі пра сваю лячэбніцу і трывожацца: чулі яны, што бальніцу хочуць перакваліфікаваць у статус толькі сястрынскай дапамогі для нямоглых адзінокіх людзей раёна.

Адметна, што і ў іншых медыцынскіх работнікаў з Рубяжэвіцкай бальніцай звязана ўсё  жыццё. Як у старшай сястры Наталлі Марцінкевіч. Яна мясцовая, родам з Тонава. Стаж яе добрасумленнай работы тут складае каля 20 гадоў. Каля трох дзесяцігоддзяў аддае свой прафесіяналізм любімай справе фельчар-лабарант Наталля Каляда. Яе характарызуюць як вельмі добрага спецыяліста. Нязменна працуе тут памочнік урача Марыя Бунчук, таксама мясцовая. 20 гадоў практыкі дазволілі ёй стаць упэўненым у сабе спецыялістам і паважаным у пацыентаў медыцынскім работнікам.

Пра ўрача-стаматолага Міхаіла Кадана варта пісаць асобны нарыс. Больш за 30 гадоў Міхаіл Паўлавіч лечыць вясковых людзей. Яго кабінет укамплектаваны сучасным стаматалагічным абсталяваннем. На працу Міхаіл Паўлавіч ездзіць з суседняй вёскі Ціханава Слабада.

Ларыса Сідарэнка некалі пераехала ў Рубяжэвічы з Душанбэ. Гэтая сям’я на асобым рахунку ў грамадстве. Муж Ларысы Уладзіміраўны – воін-інтэрнацыяналіст. Ужо шмат  гадоў яна працуе медыцынскай сястрой стацыянара, атрымлівае толькі словы падзякі за сваю сумленную працу. Вольга Навіцкая  вырасла на вачах у медработнікаў, побач з бальніцай яе бацькоўскі дом. Атрымаўшы прафесію медсястры, яна вярнулася дамоў, працуе ўжо 10 гадоў. Калегі прынялі яе як спецыяліста, для каго медыцына стала прызваннем. З гэтага года Вольга Чаславаўна, пасля таго, як прайшла спецпадрыхтоўку, сумяшчае яшчэ і абавязкі медсястры фізіятэрапеўтычнага кабінета.

Акушэрка Вольга Сабалеўская больш за 10 гадоў назад прыехала ў Рубяжэвіцкую бальніцу па размеркаванні. Выйшла тут замуж, і Рубяжэвічы сталі яе радзімай. Такі ж лёс і ў медсястры Людмілы Рамэйка, якую таксама любяць калегі.

Калектыў медыцынскай установы жыве адной сям’ёй. Не менш важная праца ў паўсядзённых буднях медыцынскай установы з кругласутачным рэжымам работы вадзіцеляў Сяргея Лютаровіча – воіна-інтэрнацыяналіста, Іосіфа Чарняца, санітарак Веры Цэпля, Марыі Навіцкай, сястры-гаспадыні Гіліны Казлоўскай, повара Святланы Лукашэвіч, загадчыцы гаспадаркі Таццяны Прычынец. Усім ім асобна Надзея Фёдараўна дала добрую ацэнку, з удзячнасцю гаварыла пра кожнага. І адчувалася, што казала кіраўнік без ніякай нацяжкі, без прыхарошвання. І сапраўды, калектыў сельскай бальніцы – як адна сям’я, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

Новы вытворчы год медыкі пачалі з добрым настроем: выкананне ўсіх даведзеных паказчыкаў дало магчымасць  Рубяжэвіцкай бальніцы атрымаць першае месца па выніках работы. У 2014 годзе медустанову чакаюць добрыя перамены: запланаваны рамонт, які аздобіць стары будынак і прыдасць яму элементы сучаснасці.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымках: загадчыца Рубяжэвіцкай бальніцы Надзея Русецкая з памочнікам урача  Марыяй Бунчук; урач-стаматолаг Міхаіл Кадан; у сваіх паўсядзённых клопатах медыцынская сястра Вольга Навіцкая.

 

ПРЫСВЯЦІЦЬ СЯБЕ ВЫСАКАРОДНАЙ СПРАВЕ

Прафесія медыцынскага работніка ў сучасны момант прызнана адной з самых перспектыўных і запатрабаваных ва ўсім свеце. Патрэбнасць у медыцынскіх кадрах у нашай краіне, так жа, як і ў іншых дзяржавах, дынамічна расце. Гэта звязана з прагрэсіўным развіццём дыягнастычных, прафілактычных і лячэбных тэхналогій.

У нашым раёне востра стаіць праблема забеспячэння медыцынскімі кадрамі. Паважаныя выпускнікі! У вас тут жывуць родныя і сябры. Хто, як не вы, можаце дапамагчы ім у цяжкую хвіліну? Калектыў цэнтральнай раённай бальніцы гатоў аказаць вам гасцінны прыём і падтрымку на новым рабочым месцы пасля заканчэння медыцынскай установы.

Загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 26.03.2014 № 295 для Мінскай вобласці зацверджаны месцы для атрымання адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь. У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на лячэбным факультэце – 37 месцаў, на педыятрычным – 10, на стаматалагічным і медыка-прафілактычным –  па чатыры, на фармацэўтычным – адно. У Віцебскім дзяржаўным ордэна Дружбы народаў медыцынскім універсітэце выдзяляецца 25 месцаў на лячэбным факультэце. У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на лячэбным факультэце будзе 15 месцаў, на педыятрычным – чатыры, на медыка-псіхалагічным і медыка-дыягнастычным – па тры. Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт выдзяляе 20 месцаў на лячэбным факультэце і пяць – на медыка-дыягнастычным.

Стаўбцоўская раённая бальніца гатова ажыццявіць запаўненне дагавораў. Афармленне дагавораў на мэтавую падрыхтоўку будзе праводзіцца ў аддзеле падрыхтоўкі і выкарыстання кадраў упраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама з 17 чэрвеня па адрасе: г. Мінск, вул. Энгельса, 4, кабінет № 524, штодзённа, з 09.00 да 16.00 (перапынак на абед – з 13.00 да 14.00).

Пры сабе абітурыенты павінны мець пашпарт, атэстат аб сярэдняй адукацыі, копію атэстата, даведку з месца жыхарства, дагавор у трох экзэмплярах. З непаўналетнімі абітурыентамі дагавор на мэтавую падрыхтоўку афармляецца ў прысутнасці аднаго з бацькоў (законных прадстаўнікоў) і пры наяўнасці дакументаў, што пацвярджаюць асобу бацькоў (законных прадстаўнікоў).

Без абмежаванняў заключаюцца дагаворы з выпускнікамі агульнаадукацыйных устаноў, устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь і населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, у населеных пунктах, што размешчаны на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ці ў сельскай мясцовасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі п.1 Палажэння аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22.06.2011  № 821.

Загадам упраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама для Стаўбцоўскай раённай бальніцы зацверджаны месцы для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі па профілі «Ахова здароўя» на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па спецыяльнасці «лячэбная справа» ў Слуцкім дзяржаўным медыцынскім каледжы.

Падставай для ўдзелу ў конкурсе на ўмовах  мэтавай падрыхтоўкі з’яўляецца дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста. На месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму для атрымання адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, праводзіцца асобны конкурс. Абітурыенты, якія не праходзяць па даным конкурсе, маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на агульных падставах.

 Усе даведкі можна атрымаць па тэлефоне аддзела кадраў раённай бальніцы – 5-48-56.

Віктар ПЯРХАЛЬСКІ,галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *