Стаўбчане забралі ўсе дыпломы

Культура Нумары

image_pdfimage_print

Менавіта так адрэагавалі на выступленне юных музыкантаў са Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў на ІІ адкрытым рэгіянальным конкурсе «Вясёлка надзей», які адбыўся ў Навагрудку.

У мінулым годзе ў гэтым конкурсе спаборнічалі піяністы, а сёлета – баяністы і акардэаністы. Сваіх юных талентаў павезлі на конкурс у суседнюю вобласць выкладчыкі Генадзь Несялоўскі, Сяргей і Людміла Крамко.

Стаўбцоўскія дзеці настолькі ярка выступілі, што журы аддало ім самыя важкія дыпломы. У малодшай групе першае месца сярод 20 удзельнікаў заваявала Ганна Абрамовіч, вучаніца Людмілы Крамко. У васьмігадовай дзяўчынкі  ўжо цэлая калекцыя лаўрэацкіх дыпломаў. Яна заўважана ў рэспубліцы. Аб гэтым можа сведчыць запрашэнне прафесара музыкі, загадчыка кафедры баяна-акардэона Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Мікалая Сеўрукова прыняць удзел у канцэрце «Іграюць зоркі беларускага баяна і акардэона», які адбыўся ў канцэртнай зале «Прэм’ера» ў Мінску. Так атрымалася, што і конкурс у Навагрудку, і гэты канцэрт праходзілі ў адзін дзень. Аня Абрамовіч, якая іграла ў Навагрудку не толькі сольна, але і ў дуэце, не магла падвесці Дзмітрыя Хвалея, і на канцэрт зорак у Мінск не паехала. Аднак само такое запрашэнне – гэта прызнанне таленту юнай музыканткі. Радасна за Аню Абрамовіч і за яе выкладчыцу Людмілу Крамко.

Дыпломам ІІ ступені, таксама ў малодшай групе, на конкурсе юных выканаўцаў у Навагрудку ўзнагароджаны вучань Сяргея Крамко Дзмітрый Хвалей, дыпломам ІІІ ступені – вучаніца Генадзя Несялоўскага Паліна Міткевіч.

У сярэдняй групе лаўрэацкі дыплом І ступені атрымаў Лявон Несялоўскі (выкладчык Г. Несялоўскі).

Канкурсанты са Стоўбцаў выступілі і ў намінацыі «Ансамблі». У дуэце выдатна сыгралі Ганна Абрамовіч і Дзмітрый Хвалей (кіраўнік Людміла Крамко). Журы прысудзіла гэтаму выступленню дыплом ІІ ступені.

Канешне ж, пасля такога трыумфу стаўбчан журы ўзнагародзіла ўсіх трох выкладчыкаў за высокую прафесійную падрыхтоўку вучняў. А самі юныя выканаўцы атрымалі каштоўныя падарункі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *