Лепшых дружыннікаў і актывістаў выбралі на Стаўбцоўшчыне

Ахова правапарадку Важное

Самая актыўная добраахвотная дружына раёна – на філіяле маторнага завода. Лепшы дружыннік, Сяргей Гапановіч, працуе ў ПМК-233. А сярод саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку названы пераможцамі саветы пры Налібацкім (першае месца), Старасвержанскім (другое месца) і Заямнаўскім (трэцяе месца) сельвыканкамах.

На мінулым тыдні ва ўрачыстай абстаноўцы былі падведзены вынікі штогадовых конкурсаў сярод добраахвотных дружын, дружыннікаў і саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку за 2019 год. Як падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая, упершыню на Стаўбцоўшчыне гэтае мерапрыемства  праходзіла ў такім пашыраным фармаце.

Разам з уручэннем дыпломаў прагучалі словы ўдзячнасці ў адрас тых, хто на грамадскіх пачатках аказвае дапамогу ў правядзенні прафілактычнай работы, павышэнні правасвядомасці грамадзян.

Удзел у мерапрыемстве прыняў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама Андрэй Бярозка. Звярнуўшы ўвагу на значнасць грамадскіх фарміраванняў у рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прафілактыцы правапарушэнняў», Андрэй Дзмітрыевіч акрэсліў новыя падыходы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь да работы ўчастковых інспектараў міліцыі. «Стаіць задача максімальна наблізіць участковага да насельніцтва. Участковы інспектар і савет грамадскага пункта аховы правапарадку павінны працаваць у цеснай звязцы і, фактычна, – у рэжыме анлайн», – зазначыў прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама.

Намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая ўручыла дыплом пераможцы старшыні савета грамадскага пункта аховы правапарадку пры Старасвержанскім сельвыканкаме Марыне Таяноўскай

Выказаўшы словы ўдзячнасці райвыканкаму за плённае ўзаемадзеянне з райаддзелам міліцыі, Андрэй Бярозка пажадаў перамог грамадскім фарміраванням Стаўбцоўшчыны і на ўзроўні Мінскай вобласці.

Акрамя таго, намеснік начальніка райаддзела міліцыі Руслан Харута азнаёміў прысутных з аператыўнай абстаноўкай на тэрыторыі раёна, а начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Уладзімір Кухарчык расказаў аб дзейнасці добраахвотных дружын у мінулым годзе.

Справаздачу аб рабоце саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку на тэрыторыі раёна ў 2019 годзе зрабіла сакратар рабочай групы, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Жук. Да прыкладу, на пасяджэнні саветаў летась былі запрошаны 757 асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, 370 судзімых, 60 абавязаных асоб, сем грамадзян без пэўнага месца жыхарства і да т. п. Па выніках праведзенай прафілактычнай работы 71 чалавек прайшоў курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Быў працаўладкаваны 61 чалавек. Уведзены ў практыку пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку з выездам на прадпрыемствы.

На мерапрыемстве быў прадстаўлены новы старшыня гарадскога савета грамадскага пункта аховы правапарадку і прафілактыкі. Гэтая грамадская пасада даверана Аляксандру Хрушчову, памочніку дырэктара – начальніку бюро кадраў філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Акрэсліўшы спецыфіку работы гарадскога савета, яго актуальныя задачы, Жанна Лысая праінфармавала:

– Прынята такое рашэнне – размясціць гарадскі савет у інтэрнаце філіяла маторнага завода. Прадпрыемства з’яўляецца градаўтваральным, і ў яго інтэрнаце ёсць усе ўмовы для работы савета.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара      



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *