Пытанне аховы працы для наймальнікаў застаецца прыярытэтным

Сельская гаспадарка

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Аналіз вынікаў работы па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу паказвае, што, нягледзячы на дасягнутыя станоўчыя моманты, у цэлым па галіне для многіх наймальнікаў рашэнне пытанняў аховы працы не стала прыярытэтным. Пастаянна дапускаюцца парушэнні патрабаванняў правілаў і норм аховы працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліны на ўсіх этапах сельгасвытворчасці, у тым ліку і ў перыяд падрыхтоўкі да масавых палявых работ і падчас іх правядзення.

Летась на сельгаспрадпрыемствах вобласці ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінулі дзевяць і цяжка траўміраваны 25 работнікаў (у папярэдні год гэтыя лічбы складалі адпаведна чатыры і трыццаць чалавек). У нашым раёне за мінулы год зарэгістравана чатырнаццаць здарэнняў супраць дзевяці ў пазамінулым, загінулі два працаўнікі (ніводнага смяротнага выпадку не здарылася пазалетась). Павялічылася колькасць выпадкаў з цяжкімі наступствамі з чатырох да шасці. Адзначаецца рост пацярпелых у стане алкагольнага ап’янення. Асноўныя прычыны вытворчага траўматызму – парушэнне патрабаванняў аховы працы пацярпелымі і невыкананне службовымі асобамі арганізацый абавязкаў па ахове працы.

З мэтай прафілактыкі вытворчага траўматызму абласным камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне сумесна з зацікаўленымі структурамі напярэдадні масавых палявых работ праводзяцца міжрэгіянальныя семінары па пытаннях прытрымлівання патрабаванняў па ахове працы, забеспячэння транспартнай, пажарнай і прамысловай бяспекі ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці. На мінулым тыдні такое мерапрыемства на тэму «Бяспека працы пры правядзенні сельскагаспадарчых работ» прайшло на базе аграгарадка Сеніца з удзелам галоўных інжынераў і спецыялістаў па ахове працы сельгаспрадпрыемстваў нашага, Дзяржынскага, Мінскага, Пухавіцкага і Уздзенскага раёнаў.

Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Магер, асаблівая ўвага ўдзялялася бяспечнай эксплуатацыі сельскагаспадарчай тэхнікі, і менавіта яе тэхнічнаму стану, пажарнай і транспартнай бяспецы ў перыяд правядзення масавых палявых кампаній, і парушэнням, якія пры гэтым дапускаюцца. А таксама арганізацыі і правядзенню абавязковых і пазачарговых медыцынскіх аглядаў працаўнікоў, згодна з улікам змяненняў і дапаўненняў, зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Закраналіся актуальныя пытанні арганізацыі прыборнага кантролю на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення. У кожнай арганізацыі абавязковая наяўнасць двух і больш алкатэстараў. Праходзіць агляд павінны і работнікі жывёлагадоўчай галіны. Гаварылася і аб інфармацыйным забеспячэнні. Належным чынам неабходна афармляць стэнды па ахове працы, змяшчаць на іх больш нагляднай агітацыі. Перавагу патрэбна аддаваць прафілактычнай рабоце.

На мінулым тыдні прайшоў раённы семінар па вышэйназваных пытаннях аховы працы: акцэнт быў зроблены на парушэннях, якія выяўлены раённай мабільнай групай.

Надзея БАТАЛКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *