«Міліцэйскі веснік». Андрэй Пальчэўскі аб працы старшага інспектара ДАІ

Главное Міліцэйскі веснік Спецвыпускі «Праменя»

 

22 лютага на Стаўбцоўшчыне прайшоў злёт перадавікоў, на якім падведзены вынікі работы за 2019 год. Сярод узнагароджаных былі і супрацоўнікі райаддзела міліцыі. Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень уручыў падзякі старшым інспектарам – Андрэю Пальчэўскаму і Аляксандру Пархімовічу.

Мы сустрэліся з імі і папрасілі падзяліцца клопатамі службовымі і сямейнымі. Сем’і ў іх жыцці адыгрываюць ролю асаблівую – надзейнага тыла.

 

На прыём да старшага інспектара Андрэя Пальчэўскага прыходзяць па пытаннях работы Дзяржаўтаінспекцыі

Cтаршы інспектар па адміністрацыйнай практыцы аддзела ДАІ Андрэй Пальчэўскі з гонарам зазначае, што ён – шматдзетны бацька. У іх з жонкай Таццянай (яна працуе бухгалтарам у індывідуальнага прадпрымальніка) дзве дачкі-школьніцы, якія займаюцца ў дзявятым і пятым класах СШ № 3 г. Стоўбцы, і пяцігадовы сын, які наведвае дзіцячы сад № 6. Дзеці любяць плаванне, часта бываюць у ФАКу. Таму для Андрэя Юр’евіча, які, дарэчы, знаходзіцца цяпер у чарговым водпуску, дзень пачынаецца напружана – з таго, што неабходна падвезці іх у школу, садзік, басейн…

– Андрэй Юр’евіч, мяркуючы па назве пасады, ваша работа найперш звязана з дакументамі. Да вас пападаюць пратаколы, пастановы, якія інспектары дарожна-патрульнай службы «напрацоўваюць» за змену…

– Кожны з гэтых дакументаў неабходна праверыць, зарэгістраваць, унесці ў электронную базу даных… У мінулым годзе іх было больш за восем тысяч. Акрамя таго, вяду прыёмы грамадзян па пытаннях, якія датычаць работы Дзяржаўтаінспекцыі. І я, і мае калегі на чале з начальнікам аддзела Дзмітрыем Воранавым імкнёмся працаваць без чэргаў. Калектыў у нас дружны, гатовы да ўзаемавыручкі.

Узаемадзейнічаем з аддзелам прымусовага выканання, судом. Актуальная задача – спагнанне накладзеных штрафаў. Штогод узровень спагнання павялічваецца (у мінулым годзе ён склаў 82 працэнты). Выкарыстоўваем для гэтага ўсе магчымыя меры, якія прадугледжаны заканадаўствам.

– Дакументаабарот ДАІ дастаткова аб’ёмны?

– Спецыфіка работы Дзяржаўтаінспекцыі вызначае і аб’ём дакументаабароту. Да прыкладу, мы адказваем на запыты страхавых арганізацый у выпадку ДТЗ, на падставе чаго выплачваецца кампенсацыя грашовых сродкаў. Накіроўваем у ЦРБ спісы асоб, якія пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання згодна з артыкулам 18.16 КоАП Рэспублікі Беларусь за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ці іншага ап’янення. У рамках унутрыведамаснага ўзаемадзеяння рыхтуем аналагічную інфармацыю і для падраздзяленняў райаддзела міліцыі і да т. п.

– Вы таксама працуеце на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў?

– Безумоўна. Гэта адна з прыярытэтных задач, у сувязі з чым штомесяц выступаем у працоўных калектывах пры правядзенні адзіных дзён бяспекі дарожнага руху, прафілактычных акцый. Наведваем школы і дзіцячыя сады. А падчас культурна-масавых мерапрыемстваў у раёне нясём службу па ахове грамадскай бяспекі ў складзе дарожна-патрульнай службы. У мяне шасцідзённы рабочы тыдзень, уключаючы суботу, але са сваім пагадзінным графікам.

– Кім вы пачыналі працаваць у міліцыі?

– Пачынаў у 2000 годзе інспектарам дарожна-патрульнай службы ДАІ. Некаторы час папрацаваў у дзяжурнай часці Мінскага РУУС, а з 2004 года ізноў вярнуўся ў райаддзел міліцыі. Спачатку быў у ахове, з 2008 года – оперупаўнаважаны аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, і з 2009 года – старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы аддзела ДАІ. У 2007 годзе закончыў Акадэмію міліцыі. Маю і сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці «тэхнік-электрык».

– Што для вас служба ў міліцыі?

– Магчымасць праявіць сябе. Быць карысным. Адчуваць сябе прафесіяналам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *