Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

БЕЗ ТЭХНАЛОГІІ НЕ БУДЗЕ ВЫНІКАЎ

ТАА СЖК «Налібакі» – лідар па вытворчасці малака ў раёне. І на працягу апошніх гадоў жывёлаводы не здаюць заваяваных пазіцый. У вытворчасці свініны тут таксама мелі неблагія паказчыкі і атрымлівалі прыбытак. Але цяпер свінафермы няма. У якім накірунку развіваецца зараз мясны цэх таварыства, а таксама якія праблемы турбуюць кіраўніка сёння – размова з дырэктарам Віталіем Кушнерам.

– Віталій Іванавіч, у сувязі з афрыканскай чумой свіней, а ачаг яе якраз быў выяўлены непадалёку ад Налібакаў, менавіта свінагадоўчая ферма вашага таварыства была закрыта першай. Як гэта паўплывала на эканамічныя паказчыкі і як сёння выкарыстоўваецца вытворчая база свінафермы?

– Мы знаходзіліся ў першай пагражальнай зоне па афрыканскай чуме, таму нам тэрмінова прыйшлося вывозіць свіней на мясакамбінаты. Зрабілі гэта хутка, на працягу трох дзён здалі каля сямі тысяч галоў. Цэны, па якіх прымалі ад нас свіней, былі невысокімі, таму панеслі 6,5 мільярда рублёў прамых страт. І па першым часе крыху  разгубіліся. Што ні гавары, а мелі кожны месяц выручку ад рэалізацыі да аднаго мільярда 300 мільёнаў рублёў. Пачалі думаць, што рабіць далей, і вырашылі вырошчваць буйную рагатую жывёлу. Праз тры месяцы рэканструявалі два з пяці наяўных жывёлагадоўчых памяшканняў пад утрыманне маладняку буйной рагатай жывёлы і запоўнілі іх. Плануем  вырошчваць цялушак і заняцца іх племпродажам. Балазе, каровы нашы высокаўдойныя, і думаю, што праблем з рэалізацыяй цялушак у нас не будзе. Мяркуем таксама паставіць на адкорм бычкоў. Будзем працягваць рэканструяваць памяшканні пад іх утрыманне. Шкада ламаць ужо зробленае раней, напярэдадні каранціну, калі ўклалі немалыя сродкі для таго, каб палепшыць утрыманне свіней, але жыццё вымушае нас.

– А займацца вырошчваннем свіней, у сувязі з тым, што дазвол такі дадзены, уваходзіць у вашы далейшыя планы?

–  Укладваючы сродкі ў тую ці іншую справу, трэба спачатку пралічыць і эканамічна абгрунтаваць ці выгадна яе распачынаць наогул. Мы ўжо займаліся вырошчваннем свіней і маем багаты вопыт, але на даны момант лічу, што аднаўляць гадоўлю нам пакуль што рызыкоўна. Нягледзячы на тое, што свінагадоўля хуткаспелая галіна і раскруціцца можна  літаральна за год.

Справа ў тым, што два апошнія месяцы перад закрыццём свінафермы мы цярпелі страты, бо не было асаблівага збыту свіней. І цана на свініну нас не задавальняла.   Паправіцца кан’юнктура, з’явіцца магчымасць вырабляць свае камбікармы, бо купляць іх сёння –  гэта вялікія грошы, тады будзем думаць. Стрымлівае і тое, што наша вытворчая база знаходзіцца ў лясной зоне, дзе прыйдзецца затрачваць немалыя сродкі на біяахову ад дзікоў, якія з’яўляюцца асноўнымі пераносчыкамі афрыканскай чумы свіней.

– А як ідуць справы з забеспячэннем кармамі буйной рагатай жывёлы? Сельскагаспадарчых угоддзяў у таварыстве не так  многа. 

– У нашым распараджэнні 675 гектараў ворыўных зямель. Але справа не ў колькасці зямлі, а ў яе якасці. Багатых па ўрадлівасці ўчасткаў  нямнога, таму не можам пасеяць  дастатковую колькасць  патрэбных нам культур. Каб замяніць па пажыўнасці камбікорм, у першую чаргу неабходна вырошчваць травы, багатыя бялком –  люцэрну і канюшыну. А люцэрна даволі патрабавальная ў гэтым плане.

Аднак з назапашваннем кармоў для буйной рагатай жывёлы нам лягчэй, яе рацыён складаецца пераважна з травяных кармоў і сіласу. Летась здолелі нарыхтаваць паўтарагадовы запас. І менавіта дзякуючы таму, што  не былі пашкоджаны дзікамі пасевы кукурузы. Атрымалі выдатны сілас. Намалацілі 440 тон зерня кукурузы.

– Без камбікармоў высокіх надояў не атрымаць.

– Згодзен. Мы сёлета пасеялі 200 гектараў збожжавых, у прыватнасці, пшаніцы і трыцікале, каб зрабіць таннейшай кармавую адзінку. Скосім іх у фазе малочна-васковай спеласці на збожжасянаж. Недахоп пашаў  (на адну карову прыходзіцца  ад 13 да 18 сотак пры норме 25) кампенсуем за кошт увядзення летам у рацыён зялёнай падкормкі.

–  Пры ўсіх складанасцях, тым не менш, у вашым таварыстве самыя высокія надоі малака ад каровы. І на працягу некалькіх гадоў запар жывёлаводы па гэтым паказчыку ўтрымліваюць лідарства ў раёне. У чым сакрэт?

– Як ужо сказаў вышэй, умацоўваем кармавую базу. Стараемся рыхтаваць якасныя кармы. Прадаваць высокагатунковае малако. Кадры жывёлаводаў у нас добрасумленныя, строга прытрымліваюцца тэхналогіі вытворчасці. І гэта вельмі важна, бо нават пры добрых кармах можна не мець чаканага  выніку. 

 

У ЛІКУ ЛЕПШЫХ

У раённым аглядзе-конкурсе на лепшы машынны двор калектыву  адпаведнага падраздзялення з ААТ «Радзіма Дзяржынскага» сёлета прысуджана трэцяе месца. На працягу некалькіх апошніх гадоў яго працаўнікі паднімаліся і на першую, і на другую прыступкі. Галоўны інжынер таварыства Генадзь Каласоўскі адзначае, што работнікі мехмайстэрні старанна працуюць і пастаянна падтрымліваюць парадак на сваіх рабочых месцах.

– Тэрыторыя мехдвара  добраўпарадкавана, – падкрэслівае галоўны спецыяліст. –  Пасля завяршэння работ, перад тым, як заехаць на мехдвор, механізатары заўсёды ачышчаюць тэхніку ад палявых рэшткаў. Рамонтныя майстэрні ў нас хоць і не новыя, але аснашчаныя ўсімі неабходнымі для рамонту механізмамі. Зімою ў тэхнічных памяшканнях цёпла, абаграваюцца яны катламі, якія працуюць на мясцовых відах паліва. І людзі шчыруюць, надзейна рыхтуюць тэхніку да пасяўной і ўборачнай кампаній, што дазваляе своечасова спраўляцца з пастаўленымі задачамі.

У таварыстве працуюць 22 механізатары, дзевятнаццаць з якіх заняты на палявых работах, астатнія «прыкамандзіраваны» да фермаў. Кадры вопытныя і добрасумленныя. За кожным механізатарам замацавана  некалькі адзінак тэхнікі. Асаблівай стараннасцю і добрасумленнасцю вылучаюцца Юрый Дзерандзяеў і Павел Мазанік, якія падчас палявых кампаній працуюць з камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі і пастаянна перавыконваюць нормы выпрацоўкі. Добрых слоў за сваю шчырую працу заслугоўваюць Міхаіл Бухавецкі і Святаслаў Ваўчок, Эдуард Ройка і Рыгор Радкевіч. На хімпраполках заняты Анатолій Ключнік. Штогод дапамагае гаспадарцы ў перыяд напружаных палявых кампаній пенсіянер Вітольд Бухавецкі.

Зараз уся ўвага інжынернай службы скіравана на кормаўборачную тэхніку, бо пачынаецца касавіца.

 

АСІЛАК «БЕЛАРУС-3522»

Машынна-трактарныя паркі ААТ «Агранёманскі» і «Шашкі» нядаўна папоўніліся энерганасычанымі трактарамі «Беларус-3522» – самымі магутнымі ў лінейцы трактароў, якія выпускае РУП «Мінскі трактарны завод».  Трактары такой маркі набыты таварыствамі ўпершыню. Даная тэхніка прызначана для выканання энергаёмістых сельскагаспадарчых работ. Выкарыстоўваецца для асноўнай і перадпасяўной апрацоўкі глебы, на сяўбе збожжавых культур, нарыхтоўцы кармоў, транспартных і іншых тэхналагічных аперацыях. Дарэчы, «Беларус-3522» можа замяніць восем трактароў, калі яго выкарыстоўваць з рознымі сельгасмашынамі. У «Агранёманскім» новую тэхніку даручылі вопытнаму Казіміру Дамброўскаму, які ўжо апрабаваў яе на дыскаванні глебы. 

 

ЧАТЫРОХТОННІК АД «ПЭЭМКОЎЦАЎ»

На МТФ «Ніўнае» ААТ «Дзераўное»  ўстаноўлены новы халадзільнік закрытага тыпу ўмяшчальнасцю чатыры тоны вытворчасці Віцебскага СТАА «Малтэхнасэрвіс».  

– Менавіта такі нам і быў патрэбны,  – расказвае галоўны заатэхнік Таццяна Кокель. – Не прыйшлося праводзіць дэмантаж халадзільніка з другой фермы, як разлічвалі зрабіць раней. Такім чынам праблема вырашылася,  цяпер якасць прадукцыі ў нас палепшылася.

Паставіла халадзільнік таварыству ў растэрміноўку плацяжу ААТ «Стаўбцоўская ПМК». Менавіта дзякуючы дырэктару гэтай арганізацыі Аляксандру Пашкевічу, які пайшоў насустрач дзераўнянскім жывёлаводам.

 

ПАСТАВЯЦЬ І ЗА МЯЖУ

Азімы рапс у СФГ «Сула» перазімаваў сёлета выдатна на ўсіх 90 гектарах. Высявалі два беларускія сарты – «капітал» і «дабрадзей», французскай селекцыі «экзэкуці» і нямецкі гібрыд  «сітро».

– Усе яны практычна аднолькавыя, толькі з рознымі тэрмінамі выспявання, – гаворыць кіраўнік Уладзімір Радзевіч. – З гэтых чатырох сартоў мы пакінем для далейшага вырошчвання толькі два, ад якіх атрымаем найбольшую аддачу.

Як расказвае Уладзімір Уладзіміравіч, сёлета ўпершыню фермерскай гаспадарцы не даведзены дзяржзаказ на пастаўку гэтай культуры. Таму рэалізоўваць ураджай мяркуюць і за межы рэспублікі.

– Паступіла прапанова ад эстонскай кампаніі, мы рыхтуем з імі кантракт на пастаўку 240 тон насення рапсу, – дадае фермер. – Сёлета, улічваючы тое, што ў Прыбалтыцы і Польшчы азімы рапс не перанёс зімоўку, стартавая цана на яго ў Еўропе будзе даволі высокай.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *