«Міліцэйскі веснік». Аляксандр Пархімовіч у аддзеле прафілактыкі знайшоў работу па душы

Важное Міліцэйскі веснік Спецвыпускі «Праменя»

Старшы інспектар Аляксандр Пархімовіч ажыццяўляе працягненне дазволу на захоўванне зброі паляўнічаму Віталю Дзям’янку

У маладой сям’і інспектара па дазвольнай рабоце аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Аляксандра Пархімовіча растуць двое сыноў. З малодшым, якому ўсяго год, жонка знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. А старэйшага, шасцігадовага, бацька ўжо бярэ з сабою на паляванне. Хоча навучыць сына любіць прыроду, спазнаваць таямніцы жывёльнага свету…

Так склалася, што Аляксандр Пархімовіч трапіў у райаддзел міліцыі пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Нягледзячы на тое, што мае спецыяльнасць «інжынер лясной гаспадаркі», ён знайшоў у міліцыі работу па душы.

– У міліцыю прыйшоў у 2012 годзе пасля ўніверсітэта, ды так і застаўся. У 2017 годзе, адвучыўшыся ў Акадэміі міліцыі, атрымаў другую вышэйшую адукацыю, – гаворыць пра сябе Аляксандр Аляксандравіч. – На працягу года быў участковым інспектарам. Абслугоўваў горад Стоўбцы. А з чэрвеня 2013 года і па цяперашні час – старшы інспектар па дазвольнай рабоце. Займаюся ўлікам службовай зброі і спецсродкаў у райаддзеле міліцыі, а таксама ўлікам зброі ў грамадзян, юрыдычных асоб з асобымі статутнымі задачамі, як, да прыкладу, пошта, інкасацыя, паляўнічыя гаспадаркі і інш. Сам я паляўнічы і ў выніку службовай неабходнасці пастаянна кантактую з паляўнічымі. Мне гэта цікава. Працую без парушэнняў, спагнанняў – адным словам, ад душы.

– Вы маеце справу са зброяй, дзе неабходны асобы кантроль, меры бяспекі. У чым плюсы і мінусы вашай работы?

– Так, пачынаючы ад набыцця зброі, законам прадугледжаны дакладныя правілы. Складанасць у тым, што неабходна выводзіць з абароту нелегальную зброю. Пераважна ўся яна савецкай вытворчасці, да пэўнага часу не падлягала ўліку. Жыхары Стаўбцоўшчыны ў асноўным гэта разумеюць. Быў выпадак, калі ў міліцыю прынеслі здаць наган – знаходка выявілася новымі жыльцамі, якія купілі ў вёсцы дом, пры разборы куратніка. Двойчы на год спецыяльна аб’яўляюцца акцыі па добраахвотнай здачы незарэгістраваных зброі і боепрыпасаў, але зрабіць гэта можна ў любы час і пры гэтым пазбегнуць адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.

– Вы працуеце ў самым вялікім падраздзяленні райаддзела міліцыі. Што гэта для вас азначае?

– Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі складаецца з 14 участковых інспектараў, трох інспектараў па напрамках дзейнасці, кіраўніцтва… Кожны ведае сваю работу і, пры неабходнасці, можа замяніць калегу. А ў цэлым, як і ў іншых падраздзяленнях, займаемся па серадах фізпадрыхтоўкай. Здаём усе нарматывы, у тым ліку і па стральбе.

– Як часта выходзіце на паляванне?

– Вольны ад службы час праводжу дома, з сям’ёй, або на паляванні. Палюю пераважна на касулю, зайца, гусей. Калі нічога не здабуду – не перажываю. Галоўнае – магчымасць пабыць на прыродзе, адпачыць ад работы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *