«Дары дабро». Стаўбцоўскія дашкольнікі прынялі ўдзел у абласной акцыі

Адукацыя Важное

Маленькія добрыя справы часцей за ўсё не патрабуюць вялікіх намаганняў, а эфект ад іх проста велізарны. Прычым і для тых, каму яны адрасаваныя, і для тых, хто іх здзяйсняе.

Педагогі і выхаванцы ДУА «Дзіцячы сад № 8 г. Стоўбцы» прынялі ўдзел у абласной акцыі «29 добрых спраў». Яе ідэя заключалася ў тым, што кожнаму чалавеку пад сілу здзяйсняць добрыя справы і рабіць больш шчаслівым сябе і тых, хто акружае. На працягу месяца нашы выхаванцы з поспехам увасаблялі гэтую ідэю ў жыццё.

Завяршэннем акцыі стала канцэртная праграма для выхаванцаў Стаўбцоўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі «Мы з дабром у нашым садку жывём». Дзеці з радасцю ўдзельнічалі ў займальных конкурсах, спявалі і танцавалі. Сустрэча атрымалася цікавай, вясёлай, а галоўнае – цёплай, сяброўскай і добрай. На завяршэнне свята выхаванцы цэнтра атрымалі сувеніры ў выглядзе кветак з дзіцячых далонек, створаныя выхаванцамі пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі нашага дзіцячага садка, а таксама канцылярскія тавары, цацкі, сабраныя падчас дабрачыннай акцыі «Дары дабро».

Сустрэча пакінула яркія ўражанні, падарыла ўсмешкі і станоўчыя эмоцыі і дзецям, і дарослым. Народная мудрасць гаворыць: «Рабі дабро – і яно да цябе абавязкова вернецца!» Нашы педагогі, выхаванцы і іх бацькі пераканаліся ў гэтым. Дзякуй за падарунак, за выдатны настрой, за яркую палітру эмоцый, за радасць і ўсмешкі нашых дзяцей і педагогаў! А мы спадзяёмся, што з заканчэннем акцыі ланцужок добрых спраў не завершыцца. Калі вы можаце зрабіць нешта добрае – дазвольце сабе гэта зрабіць.

Вікторыя МІТКЕВІЧ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА «Дзіцячы сад № 8 г. Стоўбцы»

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *