Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблена пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дзевяці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Ульяне Макась, Данілу Аўдзееву, Яўгеніі Бець, Міхаілу Кухарчыку, Герману Галушко, Анастасіі Паўлысенка, Мацвею Грыгаровічу, Платону Лагаўцу і Марку Стому.

Зямны шлях закончыўся для 11-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў вёсцы Кондратавічы (Літвенскі сельсавет). Агонь знішчыў хлеў вяскоўца і пашкодзіў дах склепа. Прычына пажару высвятляецца.  

Міліцыяй зарэгістравана 158 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 11 крымінальных спраў, у шасці з іх устаноўлены падазраваемыя. У Пятрылавічах злодзей выкраў з хлява запасныя часткі да матацыкла. У Канкаловічах прапаў з хлява інструмент. У Коласаве ад магазіна ўгнаны веласіпед. З тэрыторыі малочнатаварнага комплексу ААТ «Дзераўное», што ў вёсцы Заброддзе, зламыснік вынес кустарэз. Ноччу на вуліцы Юбілейнай у Стоўбцах хуліган разбіў шкло ў аўтамабілі. Затрыманы двое хаўруснікаў, якія ў сакавіку неправамерна завалодалі аўтамабілем «ВАЗ» і ездзілі на ім, пакуль не былі спынены супрацоўнікамі ДАІ. У кватэры па вуліцы Міру ў Стоўбцах нецвярозая маці кінулася з нажом на дарослую дачку, нанесла ёй цяжкія траўмы… На парушальнікаў складзена 10 пратаколаў за дробнае хуліганства, 15 –за з’яўленне ў нецвярозым стане або распіванне спіртнога ў грамадскім месцы, два – за дробны крадзеж і т. п.

Суд асудзіў да штрафу ў памеры 15 000 000 рублёў 30-гадовага стаўбчаніна, раней судзімага, які ўхіляўся ад выканання прыгавору суда (парушыў забарону займацца пэўным відам дзейнасці, а менавіта – кіраваў транспартным сродкам). За пагрозу забойствам 52-гадовы стаўбчанін прыгавораны да аднаго года выпраўленчых работ з утрыманнем у даход дзяржавы 10 працэнтаў з заробку, да яго таксама прыменены меры прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму. На тры месяцы арыштаваны 40-гадовы жыхар Коласава, які выкраў з кішэні чалавека, што заснуў на вакзале, мабільны тэлефон і іншыя рэчы, усяго на суму 3 600 000 рублёў. Штрафам у памеры 450 000 рублёў пакараны 26-гадовы жыхар Новай Вёскі, паўторна на працягу года заўважаны на вясковай вуліцы ў нецвярозым стане.  За самавольнае   ўзвядзенне   на  сваім  участку  тэрасы,  гаража,  калодзежа пакараны  штрафам  у  памеры 3 000 000 рублёў 46-гадовы жыхар Перакопаўшчыны.

  ДАІ выявіла 183 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – дзесяць бяспраўнікаў і восем нецвярозых вадзіцеляў (шэсць нецвярозых  затрыманы акурат у выхадныя дні), 18 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана 12 дарожна-транспартных здарэнняў. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў. 30 мая, напярэдадні летніх канікул, у раёне пройдзе адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху па тэме:  «На дарозе дзеці – мы за іх у адказе», скіраваны на прадухіленне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.

«Хуткая» атрымала 221 выклік да хворых, у прыватнасці, восем сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. На рэйках непадалёку ад станцыі Коласава была смяротна траўміравана жанчына.

ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *