Мама – самае цудоўнае слова на зямлі, і яно аднолькава пяшчотна гучыць на ўсіх мовах. Для кожнага чалавека яго мама самая лепшая ў свеце, яна заўсёды падтрымае ў цяжкую хвіліну і парадуецца, калі ў яе дзяцей усё паспяхова складваецца ў жыцці.
Вольга Дошчачка – шматдзетная маці, жыве ў Налібаках – прыгожым пушчанскім краі – і працуе ў ТАА «СЖК «Налібакі». На Стаўбцоўшчыне нарадзілася яна сама, яе дзеці. Марыя і Сяргей маюць сем’і, а малодшая, Алёна, вучыцца на бухгалтара ў Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы.
– У гэтым годзе заканчвае вучобу, прыедзе ў сакавіку на практыку ў таварыства, – расказвае Вольга Іосіфаўна. – Думае вучыцца далей завочна, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Адабраю яе намер.
Вольга Іосіфаўна сама са шматдзетнай сям’і: яе матуля Эмілія Эдуардаўна Мішук, якая цяпер жыве разам з дачкой, нарадзіла пяцярых дзяцей. Працавала яна ў жывёлагадоўлі. Пайшла па слядах маці і Вольга. Так склалася, што пасля заканчэння будаўнічага вучылішча ў Салігорску дзяўчына не змагла па стане здароўя працаваць па спецыяльнасці. Вярнулася дадому, але не ў калгас прыйшла на працу – уладкавалася на кандытарскую фабрыку ў Івянцы.
Неўзабаве выйшла замуж за вясковага хлопца з Церабейнага. Адно за другім нарадзіліся дзеці: дзве дачкі і сын.
Пасля водпуску па доглядзе дзіцяці Вольга Іосіфаўна выйшла на працу на свінагадоўчую ферму. Спачатку шчыравала жывёлаводам, а як закрылі гэтае вытворчае падраздзяленне, то прапанавалі работу кладаўшчыка. У яе абавязкі ўваходзіць вытворчасць камбікорму для жывёлы. Дарэчы сказаць, што працуе ў таварыстве на МТФ «Пруды» і яе старэйшая сястра – Алена Гаптар, перадавая ў раёне аператар машыннага даення. Абедзве жанчыны працавітыя і сумленныя.
– Мара майго дзяцінства (хто з вясковых дзяўчат аб гэтым не думае?) – выйсці ўдала замуж і паехаць з вёскі – так і не спраўдзілася, – усміхнулася Вольга Іосіфаўна. – Але таго, што не адбылося, нельга змяніць. Таму і не шкадую. Галоўнае ў жыцці – дзеці. Чым больш жыву, тым вастрэй разумею, як мне пашанцавала. Радуюць унукі, мае маленькія кветачкі.
Вольга Іосіфаўна ўжо чатыры разы бабуля. Чаго ніяк не скажаш, пазіраючы на фотаздымак, з якога ўсміхаецца яшчэ даволі маладжавая жанчына.
– Бог дае нам намнога больш, чым мы можам у яго папрасіць, – разважае маці. – Ніколі не думала, што мой лёс складзецца менавіта так. Зразумела, жыццё шматдзетнай сям’і нялёгкае, але патрэбна знаходзіць сярод цяжкасцяў і светлыя моманты. Дзеці выраслі дастойнымі людзьмі, і мне за іх не сорамна.
Вольга Дошчачка заўсёды на пазітыве, яна душа кампаніі. Робіць усё для таго, каб святочны стол быў багатым і задаволіў родных і сяброў. А яшчэ яна абажае кветкі: у двары расце мноства розных відаў, але самыя любімыя – ружы. Дзеці гэта ведаюць, таму на святы заўсёды радуюць маці і бабулю прыгожымі букетамі.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара