Пра ямачны рамонт, паркоўкі і матацыклістаў

Нумары Прамая лінія

Прамая тэлефонная лінія з начальнікам аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Дзмітрыем Воранавым акрэсліла найбольш злабадзённыя для нашага раёна праблемы.

Жыхары Хатавы паскардзіліся на рух аўтатранспарту ў раёне мясцовага спіртзавода, які адбываецца з парушэннямі хуткаснага рэжыму. Вяскоўцы прасілі ўстанавіць на дарозе штучную няроўнасць, а таксама выканаць ямачны рамонт.

– Супрацоўнікі ДАІ на месцы вывучалі ўмовы для ўстанаўлення штучнай няроўнасці. У ДРБУ № 135 накіравана хадайніцтва аб яе ўстаноўцы, а таксама аб неабходнасці прывядзення дарожнага пакрыцця ў нармальны стан.

Жыхары Тонава звярнулі ўвагу на павялічаны паток грузавога транзітнага транспарту праз іх населены пункт.

– Сіламі нашага аддзела перыядычна праводзіцца маніторынг руху транспарту па вашай вёсцы, прычым у розны час сутак. Рашэнне аб увядзенні тых ці іншых абмежаванняў будзе прымацца па выніках маніторынгу. Што датычыць ДРБУ № 135, то ім выдадзена прадпісанне на правядзенне ямачнага рамонту, а пры наяўнасці магчымасці –  і суцэльнага асфальтавання.         

І. І. Мамонька з Жыгалак выказаў незадаволенасць работай дарожнікаў. Нараканні, у прыватнасці, выклікала якасць абслугоўвання аўтадарогі Новы Свержань – Любкаўшчына – Жыгалкі і, у прыватнасці, абазначэнне месцаў правядзення дарожных работ.

–  ДАІ рэгулярна праводзіць маніторынг стану вулічна-дарожнай сеткі. Акрамя таго, інспектары дарожна-патрульнай службы адсочваюць гэтае пытанне падчас штодзённага нагляду за дарожным рухам. На працягу 2013-2014 гадоў за парушэнне правіл утрымання вулічна-дарожнай сеткі ў бяспечным стане, у тым ліку ў зімовы перыяд, намі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 22 службовыя асобы. Большасць з іх –  менавіта работнікі ДРБУ № 135. У гэтую дарожную арганізацыю намі накіравана пісьмо з патрабаваннем недапушчэння парушэнняў бяспекі дарожнага руху і тэхнікі бяспекі пры правядзенні на праезджай частцы ямачнага рамонту.

Жыхар Стоўбцаў узнімаў праблему парушэння правіл паркоўкі на вуліцах горада і  дваровых тэрыторыях.

– З наступленнем вясенняга перыяду ДАІ сумесна з іншымі службамі райаддзела міліцыі і раённага выканаўчага камітэта праводзіць рэйдавыя мерапрыемствы, у ходзе якіх дакументуе парушэнні правіл паркоўкі. Да іх адносяцца стаянка на «зялёных» зонах, бардзюрах, тратуарах, з ігнараваннем патрабаванняў дарожных знакаў і т. п. У бягучым годзе падобныя факты мелі месца, вінаватыя прыцягнуты да адказнасці. Штраф за парушэнне правіл прыпынку і стаянкі складае 150 000 рублёў (з адпаведнай адзнакай у талоне), у адносінах да грузавых аўто – 750 000 рублёў. Пры паўторным факце штраф павялічваецца ўдвая. Пры пашкоджанні газона або іншых зялёных насаджэнняў, штрафныя санкцыі могуць вагацца ад 1,5 мільёна да 7,5 мільёна рублёў. У выпадку, калі  пакінуты транспартны сродак стварае пагрозу бяспецы дарожнага руху, ДАІ мае права на яго прымусовую эвакуацыю з далейшай адпраўкай на штрафстаянку. Можна паведамляць у аператыўна-дзяжурную часць міліцыі па тэл. 102 нумары транспартных сродкаў, прыпаркаваных  з парушэннем правіл дарожнага руху.

Стаўбчане цікавіліся, якія мерапрыемствы праводзяцца з матацыклістамі, байкерамі. Ад іх транспартных сродкаў, асабліва ў начны і вячэрні час, ідзе павышаны шумавы фон, і гэта стварае людзям нязручнасці.   

– Для ўпарадкавання руху мотатранспарту ў горадзе Стоўбцы па нашай ініцыятыве на вуліцы Цэнтральнай са жніўня 2013 года абмежаваны рух матацыклаў. Падобны вопыт, калі будзе фіксавацца станоўчы эфект, будзе ўкараняцца і на іншых вуліцах горада. Прайшла прафілактычная акцыя «Матацыкліст». Арганізоўваем рэйды, у тым ліку з прыцягненнем стандартных, а не службовых машын, каб выявіць парушальнікаў сярод гэтай катэгорыі вадзіцеляў. Праводзім з імі прафілактычныя гутаркі, а, пры неабходнасці, прымяняем адэкватныя, але жорсткія меры адміністрацыйнага ўздзеяння. У 2013-2014 гадах пакарана штрафамі больш за 60 вадзіцеляў мотатранспарту. 22 з іх затрыманы ў стане алкагольнага ап’янення (адзін – паўторна на працягу года, за што ўзбуджана крымінальная справа), 11 не мелі вадзіцельскага пасведчання, 10 ехалі на матацыклах з няпройдзеным тэхаглядам або незарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку. Пяць байкераў папаліся на перавышэнні хуткаснага рэжыму.

У сувязі з наступленнем сезона мотатранспарту, просім матацыклістаў падчас руху па населеных пунктахбыць асабліва ўважлівымі: пры разгоне не «выціскаць» на нізкіх перадачах максімальную колькасць абаротаў рухавіка, каб не ствараць шуму, аб’язджаць месцы масавага знаходжання людзей і вуліцы, якія прылягаюць да дзіцячых садоў, школ.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *