Стане падзеяй для ўсіх пакаленняў

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

Старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Наталля Лапко дапаўняе кнігу «Памяць. Стаўбцоўскі раён» новымі звесткамі пра ветэранаў вайны

Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі актыўная работа разгорнута ў раённай арганізацыі ветэранаў. Асноўныя намаганні – на збор матэрыялаў для кнігі, якая выйдзе ў Мінскай вобласці і будзе расказваць пра кожнага  ветэрана вайны, якія жыве на Міншчыне.

– Гэта вельмі карпатлівая праца, – сцвярджае старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Наталля Лапко. – Па драбніцах збіраем матэрыялы аб усіх 15 ветэранах вайны Стаўбцоўшчыны. З памяці ветэранаў з прычыны ўзросту ўжо шмат чаго сцерлася, таму выкарыстоўваем газетныя публікацыі. Звяртаемся ў розныя ведамствы, дзе ёсць верагоднасць адшукаць іх аўтабіяграфіі. Безумоўна, працуем з кнігай «Памяць. Стаўбцоўскі раён»…

– Бачу, яна ў вас уся зачытаная, у закладках…

– Так, звяраем па ёй інфармацыю. На жаль, у кнізе згаданы не ўсе ўзнагароды ветэранаў вайны. А нам хацелася б, каб пра іх заслугі даведалася як мага больш людзей. Нашы ветэраны – гэта тыя, хто на сваіх плячах вынес цяжкасці, выжыў і падарыў свету новую рэальнасць. Жыццё не стаіць на месцы, пакаленні змяняюцца… Апошнім часам колькасць гэтых людзей рэзка змяншаецца. Летась пайшлі з жыцця чатыры ветэраны вайны…

– Наталля Аляксандраўна, які ўзрост мае найстарэйшы ветэран раёна?     

– У 2020 годзе пяць ветэранаў вайны адзначаць свае жыццёвыя юбілеі, а менавіта 95-годдзе. А Міхаілу Міхайлавічу Лёсіку, інваліду вайны з вёскі Мікалаеўшчына, споўніцца 100! Усім ім жадаю моцнага здароўя, а мы ў патрэбны час разам з прадстаўнікамі райваенкамата, сельвыканкама, рэдакцыі газеты, сельгаспрадпрыемстваў прыедзем павіншаваць іх, уручыць ім падарункі. Такая склалася ў нас, на Стаўбцоўшчыне, традыцыя.

Узаемадзейнічаем з цэнтральнай раённай бальніцай, тэрытарыяльным цэнтрам і іншымі ўстановамі і службамі, каб своечасова падлячыць нашых ветэранаў, вырашыць іх надзённыя пытанні. Прыемна, што ўсе ветэраны пражываюць у дастойных умовах, у акружэнні родных і блізкіх людзей. Сярод ветэранаў ёсць дзве жанчыны – Ганна Андрэеўна Клімаш і Любоў Давыдаўна Ткачова. Наш стаўбцоўскі паэт Яўген Карпуць прысвяціў ім свае вершы.

– Скажыце, што ўвогуле ўяўляе сабою раённая ветэранская арганізацыя?

– Яна складаецца з 25 пярвічных арганізацый. На Стаўбцоўшчыне пражывае больш за 11 тысяч  ветэранаў працы, і мы імкнёмся дапамагчы ўсім, хто да нас звяртаецца, не акцэнтуючы ўвагу на тым, з’яўляецца ён членам арганізацыі ці не.

Увогуле нашы людзі цярплівыя: яны асабліва не скардзяцца і задаволены тым, што маюць. Бывае, у размове выпадкова выцягнеш з іх якую-небудзь праблему – і толькі тады яны пачынаюць пра яе гаварыць.

– Да 75-годдзя Вялікай Перамогі застаецца няшмат часу. Што адметнага ў падрыхтоўцы да святкавання?      

– Работа ў гэтым напрамку вядзецца згодна з планам мерапрыемстваў, зацверджаным раённым выканаўчым камітэтам, і, фактычна, ужо з мінулага года, калі мы ўсе адзначалі 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тады кожнаму ветэрану вайны мы зрабілі ў падарунак святочны аўтапартрэт і ўрачыста, разам з артыстамі,  уручылі яго на памяць.

Цяпер, у ходзе падрыхтоўкі да 75-годдзя Вялікай Перамогі, узнікаюць свежыя ідэі, думкі, таму ў план уносім змяненні. Чарговы раз абмяркоўвалі ў намесніка старшыні райвыканкама Ж. М. Лысай асобныя пункты плана, у прыватнасці тыя, якія паслужаць патрыятычнаму выхаванню моладзі.

– Якія гэта мерапрыемствы?

– Плануецца арганізаваць экскурсію школьнікаў раёна ў воінскую часць у Наваколасаве, каб пазнаёміць з ваеннай тэхнікай. Ва ўстановах адукацыі пройдуць розныя творчыя конкурсы, прысвечаныя 75-годдзю Вялікай Перамогі, прапанавана далучыць да гэтых конкурсаў і працоўную моладзь, а таксама падумаць пра ўзнагароджанне пераможцаў.

Ветэранская арганізацыя выступіла з прапановай наведаць з падарункамі радзільнае аддзяленне, каб павіншаваць жанчын, у якіх 9 Мая народзяцца дзеці. Гэтую ідэю падтрымалі і іншыя грамадскія арганізацыі.

Рыхтуецца асобная праграма мерапрыемстваў (з наведваннем партызанскай зямлянкі, канцэртам, салдацкай кашай і медыцынскім аглядам) для былых вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. Большасць з іх пражывае менавіта на тэрыторыі  Налібацкага сельсавета, у пушчанскім краі, дзе ў вайну знаходзілася актыўная партызанская зона (за гэта многія вёскі былі спалены немцамі, а іх жыхароў прымусова вывезлі ў Германію).

Агульнымі намаганнямі будзем рабіць усё для таго, каб 75-годдзе Вялікай Перамогі стала падзеяй для ўсіх пакаленняў жыхароў раёна, адлюстраваннем велічы таго, што  зроблена нашымі продкамі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *