Чым жыве Стаўбцоўшчына

Нумары Раённыя навіны

БАХАНЫ, БАРОК, ЗАРЭЧЧА

У гэтым годзе прыродны газ прыйдзе і ў вёску Баханы.

На гэтым аб’екце, распачатым райгазам у мінулым годзе, з дзяржаўнай падтрымкай пабудавана вулічна-размеркавальная сетка працягласцю 4,5 км. Але, каб падаць па ёй блакітнае паліва, не хапае яшчэ газаправода высокага ціску з шафава-рэгулятарным пунктам. «Работы гэтыя будуць выкананы сёлета да пачатку ацяпляльнага сезона. Прыступім да іх, як толькі будуць прыбраны палеткі і з’явіцца магчымасць бесперашкодна весці земляныя работы», – тлумачыць дырэктар райгаза Іван Шпілеўскі.        

У газавікоў з’явіўся і цалкам новы аб’ект –  газіфікацыя вёскі Барок (1,2 км). Здаць яго запланавана таксама сёлета, напярэдадні ацяпляльнага сезона. Ствараецца задзел і на год наступны. На экспертызу накіравана праектна-каштарысная дакументацыя кааператыва «Колокольчик», якая прадугледжвае газіфікацыю вёскі Зарэчча (Дзераўнянскі сельсавет). Праходзяць электронныя таргі па выбары падраднай арганізацыі для выканання праектна-каштарыснай дакументацыі адносна газіфікацыі вёскі Старына. Аб’ём работ тут чакаецца значны, у прыватнасці, будаўніцтва больш за шэсць кіламетраў вулічна-размеркавальнага газаправода з газаправодамі-ўводамі і газаправода высокага ціску працягласцю больш за тры кіламетры. Апошні спраектаваны, дарэчы, за ўласныя сродкі членаў кааператыва.

 

КАМАНДЗІРОЎКА Ў СЕННІЦУ

Паслугі ДРБУ № 135 запатрабаваны і за межамі нашага раёна.

Так, цяпер дарожнікі актыўна займаюцца ўкладкай тратуараў і азеляненнем тэрыторыі прысталічнага населенага пункта Шчамысліца. У тым жа Мінскім раёне ім заказаны вялікі аб’ём работ і па добраўпарадкаванні другога населенага пункта – Сенніцы. Паколькі асвоіць неабходна каля 2,5 мільярда рублёў за адносна кароткія тэрміны – да канца чэрвеня, то на Сенніцу «кінуты» асноўныя сілы арганізацыі. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для правядзення работ на вулічна-дарожнай сетцы ў Дзяржынску.      

 

ЁСЦЬ ВАКАНСІІ

У летні перыяд (чэрвень – ліпень)  пенсіянерам, студэнтам, школьнікам старэйшых  класаў ёсць магчымасць уладкавацца на працу на філіял Гарадзейскага цукровага камбіната на збор ягад.

Прадпрыемства мае ўласную сыравінную базу для вытворчасці нектараў, сокаў, фруктова-ягадных напаўняльнікаў. На філіяле створаны садаводчы ўчастак «Сінява» плошчай 119 гектараў, дзе пасаджаны яблыні, суніцы садовыя, маліна, чорныя і чырвоныя парэчкі. Ёсць яшчэ адзін садаводчы ўчастак Гарадзейскага цукровага камбіната – «Малева», на 196-гектарнай плошчы якога растуць і пладаносяць яблыні, суніцы садовыя, маліна і буякі.

 

ДАГАВОРЫ СА ШКОЛЬНІКАМІ

Праводзіцца падрыхтоўчая работа па арганізацыі занятасці вучняў у канікулярны час. Служба занятасці сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама спланавала фронт работ для тых вучняў, хто жадае папрацаваць летам.

Для арганізацыі занятасці вучнёўскай моладзі падчас летніх канікул з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва выдзяляецца 85 мільёнаў рублёў.

У трох агульнаадукацыйных школах райцэнтра і шасці сельскіх –  Рубяжэвіцкай, Цясноўскай, Вішнявецкай, Заямнаўскай, Старасвержанскай і Навасвержанскай – ствараюцца вучнёўскія брыгады, якія ў чэрвені – жніўні будуць заняты рамонтна-будаўнічымі работамі і праполкай зялёных насаджэнняў.

Прыярытэтнае права на часовае працаўладкаванне прадастаўляецца моладзі з няпоўных, шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў, а таксама тым, хто стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

Усяго падчас летніх канікул з дамамогай упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  плануецца стварыць 104 рабочыя месцы для вучняў.

 

АБНАЎЛЯЮЦЦА МАГАЗІНЫ

Значную праграму рэканструкцыі гандлёвых кропак і добраўпарадкавання іх тэрыторый выконвае райспажыўтаварыства. Абноўлены магазіны «Забота», № 18 і № 34. Рамонтныя работы ў горадзе працягваюцца. Важныя аб’екты на сяле – магазіны ў Засуллі, Старым Свержані, Апечках, Хатаве. Заасфальтавана тэрыторыя гарадскога рынку.

Магазін, дзе знойдзеш патрэбнае па прымальнай цане, дзе ветліва абслужаць і які прыцягвае сваёй утульнасцю, выклікае ў людзей жаданне заходзіць часцей.

 

РЭКАНСТРУКЦЫЯ «АЛЬХОЎКІ»

На водазаборы «Альхоўка», што сілкуе наш горад, прабураны дзве новыя свідравіны.  Заказчыкам аб’екта выступае УП «УКБ-Стоўбцы». На даным этапе на ім ажыццяўляецца наладка абсталявання, вядзецца прамыўка свідравін. Спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўжо двойчы выязджалі для адбору проб вады.

– Можна сцвярджаць, што яе якасныя паказчыкі адпавядаюць патрабаванням санітарных правіл, – зазначае ўрач-гігіеніст Наталля Рык і пералічвае  перадумовы, якія напрамую ўплываюць на якасць вады. Усе дзеючыя свідравіны «Альхоўкі» герметычныя, з агароджанымі павільёнамі і зонамі строгага санітарнага рэжыму, аснашчаныя запасам  сродкаў дэзынфекцыі.

Варта сказаць, што без мадэрнізацыі не застануцца і дзеючыя магутнасці гарадскога водазабора. Дзякуючы мэтанакіраванай дзяржаўнай праграме «Чыстая вада» на 2012-2015 гады ўжо распрацаваны праект яго рэканструкцыі, куды ўключаны ўсе чатыры свідравіны і станцыя другога пад’ёму. Крыніцай фінансавання гэтых работ выступяць рэспубліканскі і абласны бюджэты.

 

ХТО Ж ВЫРУЧЫЦЬ, КАЛІ НЕ КАПІТАН

Чарговую сустрэчу першынства вобласці каманда «Нёман-Агра» выйграла ў ФК «Капыль» з лікам 3:1.

У папярэдніх двух матчах аўтарам усіх галоў стаўбчан быў Дзмітрый Даўбейка, у яго на рахунку іх пяць. І ў матчы з капылянамі Дзмітрый не шкадаваў сіл. Але яму не шанцавала, не ўдалося рэалізаваць некалькі выгадных момантаў. Затое сваю лепшую гульню паказаў Андрэй Шпадарук. Самы вопытны ігрок, капітан нёманцаў не толькі, як заўсёды, дырыжыраваў нападзеннем і абаронай, але да асноўных функцый паўабаронцы далучыў і ўменне трапна біць па варотах. Яго тры галы прынеслі перамогу стаўбчанам. Хаця, зразумела,  у агульны поспех унеслі ўклад усе члены каманды.

Цяпер на рахунку «Нёмана-Агра» сем ачкоў, стаўбчане займаюць другі радок у турнірнай табліцы. А ўзначальвае падгрупу «Б» чэмпіянату Міншчыны ФК «Старыя Дарогі» з дзевяццю ачкамі. Сёння нашы футбалісты сустрэнуцца з ФК «Нясвіж».



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *