Іна Пяткевіч прадставіць наш рэгіён у рэспубліцы на конкурсе «Жанчына года»

Соцыум

У Палацы культуры г. Маладзечна прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў абласнога конкурсу «Жанчына года Міншчыны – 2019».

Асноўная мэта XII конкурсу, арганізатарам якога выступіў Беларускі саюз жанчын, – ацаніць ролю жанчыны ў сучасным грамадстве, яе ўклад у духоўнае адраджэнне нацыі, сацыяльна-эканамічнае і гуманітарна-культурнае развіццё краіны.

У спісак намінантаў увайшлі 27 кандыдатак з рэгіёнаў Мінскай вобласці, якія дабіліся значных вынікаў у сваёй прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Гэта тыя, хто прысвяціў сваё жыццё навуцы, медыцыне, адукацыі, сельскай гаспадарцы, сацыяльна-культурнай дзейнасці і інш. Усе яны розныя, але кожная – асоба. Усе яны пераможніцы, і кожная – у сваёй справе.

У намінацыі «Паспяховы кіраўнік» пераможцай стала прадстаўніца ад Стаўбцоўскага раёна, заснавальнік і дырэктар прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «НавабудГандаль» Іна Пяткевіч, якая будзе прадстаўляць наш рэгіён і ў рэспубліцы, а пераможцай у намінацыі «Гаспадыня сяла» – старшыня Старасвержанскага сельвыканкама Марына Таяноўская.

Жанчыны паспяхова ўзначальваюць свае калектывы, пад іх кіраўніцтвам ажыццёўлены шэраг інавацыйных праектаў.

Акрамя таго, на ўрачыстасці былі падведзены вынікі абласнога конкурсу сярод СМІ «Сучасніца Міншчыны». За папулярызацыю дзейнасці жаночага руху Міншчыны, фарміраванне пазітыўнай грамадскай думкі аб ролі жанчыны ў палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краіны дзяржаўная ўстанова «Рэдакцыя газеты «Прамень» і праграмы радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы» ўзнагароджана Дыпломам у намінацыі «Спецпрыз «Лепшы СМІ».

Цудоўным дапаўненнем да ўрачыстасці сталі святочны канцэрт «Посвящение женщине» заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музыкальнага каледжа імя М. К. Агінскага пад кіраўніцтвам маэстра Рыгора Сарокі і сустрэча «Дыялог пакаленняў».

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Паўла АРЛОЎСКАГА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *