
У сувязі з выяўленнем у Беларусі фактаў заражэння каранавірусам работа санітарна-эпідэміялагічнай службы раёна, амбулаторна-паліклінічных арганізацый і бальнічных падраздзяленняў УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» ажыццяўляецца ў рэжыме павышанай гатоўнасці.
Адпрацаваны алгарытм дзеянняў медыцынскіх і іншых работнікаў пры падазрэнні на захворванне, забяспечана гатоўнасць арганізацый аховы здароўя да прыёму пацыентаў з падазрэннем на захворванне. Арганізаваны ўлік і медыцынскае назіранне на працягу 14 дзён за асобамі, якія прыбылі з краін, небяспечных па інфекцыі, выкліканай каранавірусам 2019-nСoV.
Узмоцнены дэзынфекцыйныя мерапрыемствы на чыгуначным вакзале і аўтавакзале, у транспартных сродках.
Захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў раёне застаецца характэрнай для данага перыяду года, не перавышае леташні ўзровень і эпідпарог. Праводзяцца штодзённыя маніторынгі па колькасці хворых на вострыя рэспіраторныя інфекцыі па ўзроставых групах, а таксама па колькасці дзяцей, якія адсутнічаюць у школах.
Меры засцярогі і прафілактыкі
Насельніцтву рэкамендуем наступныя меры прафілактыкі:
* Пазбягайце кантактаў з людзьмі з сімптомамі рэспіраторных інфекцый.
* Устрымлівайцеся ад наведванняў месцаў масавага збору людзей.
* Выконвайце гігіену рук: часцей мыйце іх з мылам, працірайце спіртазмяшчальнымі сурвэткамі, у тым ліку пасля наведвання месцаў масавага збору людзей.
* Не кранайце вочы, рот, нос рукамі, калі яны не вымытыя ці не апрацаваныя антысептыкам.
* Пры кашлі або чханні прыкрывайце рот і нос насоўкамі або аднаразовымі сурвэткамі, якія пасля выкарыстання выкідвайце. Калі няма насовак або сурвэткі, кашляйце або чхайце не ў далоні, а ў локаць.
* Выкарыстоўвайце сродкі абароны органаў дыхання (аднаразовыя медыцынскія маскі, рэспіратары), калі кантактуеце з людзьмі з сімптомамі рэспіраторнай інфекцыі.
* Пазбягайце абдымкаў і поціскаў рукі, пацалункаў пры сустрэчах.
* Рэгулярна прыбірайце і праветрывайце памяшканні. Апрацоўвайце паверхні, выкарыстоўваючы бытавыя мыйныя сродкі і сродкі дэзынфекцыі.
* Ужывайце толькі тэрмічна апрацаваную ежу, бутыляваную або кіпячоную ваду.
* Заставайцеся дома, калі адчулі недамаганне.
Жыхары раёна, якія наведалі краіны, дзе ёсць хворыя на каранавірус 2019-nСoV, пры з’яўленні ў іх сімптомаў інфекцыйнага захворвання павінны неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу, мінімізаваць кантакты з тымі, хто іх акружае. У такім выпадку неабходна выклікаць хуткую дапамогу і паведаміць дыспетчару назву замежнай краіны, адкуль вярнуліся.
Ірына ПЯТРОВІЧ, галоўны санітарны ўрач раёна