«Сям’я». Як дзейнічае любоў Божая

Важное Спецвыпускі «Праменя» Сям'я

Спачатку ў сям’і з’явілася Руфіна. Яе назвалі біблейскім імем, што паклала традыцыю. Затым нарадзіўся Давід. Калі яму споўнілася два гады, а Руфіне – чатыры, сям’я прытуліла прыёмнага хлопчыка Арцёма, якога ўсынавіла пазней іншая сям’я. Затым нарадзілася Авігея. Міласэрныя Віктар і Ларыса Сергіевічы ўзялі ў сваю сям’ю Рыту і Славу – брата і сястру, калі тыя засталіся без бацькоўскай апекі. Калі іх бацька аднавіўся ў бацькоўскіх правах, у сям’і з’явіліся, як вобразна кажа Ларыса Уладзіміраўна, «три брата-акробата» – Андрэй, Дзмітрый і Аляксандр. Далей сям’я папоўнілася маленькай дзяўчынкай Дамінікай, якую пазней удачарылі іншыя людзі. Потым гэты ўтульны дом прыняў пад свой дах дзяўчынку Дзіяну. Затым нарадзілася дачка Касія, ёй цяпер паўтара годзіка. Адзін з траіх братоў – Андрэй – прыняў рашэнне паступаць у Мінскае абласное кадэцкае вучылішча. Па сутнасці, прыёмная сям’я выканала свае абавязацельствы, адпусціўшы яго ў самастойнае жыццё. Аднак у Сергіевічаў усё атрымалася не так. Андрэй па-ранейшаму застаецца іх сынам, на канікулы прыязджае дамоў. І ўжо не адзін, а са сваім сябрам. Год назад Сергіевічы паехалі забраць на канікулы Андрэя. Сацыяльны педагог кадэцкага вучылішча спытала, ці не маглі б яны ўзяць на лета і яшчэ аднаго курсанта – Сяргея, якому няма куды паехаць. Віктар Іванавіч і Ларыса Уладзіміраўна ўзялі і гэтага юнака: ехалі па аднаго – вярнуліся з двума. Дапамаглі Сяргею ажыццявіць яго планы – паступіць на факультэт аздараўленчай фізкультуры з перспектывай пасля заканчэння ўніверсітэта фізічнай культуры быць фітнес-трэнерам ці выкладчыкам фізічнай культуры і здароўя. Стаўшы студэнтам, Сяргей па-ранейшаму прыязджае да Сергіевічаў, як дамоў. І не толькі на канікулы, але і ў вучэбным семестры, вечарам, а раніцай бяжыць на электрычку, каб паспець на лекцыю. Мы едзем у сям’ю Сергіевічаў, каб сустрэцца з Сяргеем, павіншаваць яго з паспяховай здачай першай сесіі і пагутарыць.

І не падазраваем, што, пакуль мы рыхтаваліся да камандзіроўкі, у сям’і з’явілася яшчэ адно дзіця – дзяўчынка Даша, якой няма яшчэ і двух месяцаў. Прычым гісторыя яе прыбыцця да Сергіевічаў вельмі адметная. У снежні Ларысе Уладзіміраўне патэлефанавала маці былых іх прыёмных дзяцей – Вячаслава і Маргарыты – і папрасіла дапамогі, аб’явіўшы, што яна знаходзіцца ў радзільным аддзяленні і ў яе ўзніклі цяжкасці. Ларыса Уладзіміраўна стала купляць памперсы, іншае неадкладнае і наведваць жанчыну. Калі апошняя даведалася аб тым, што народжанае дзіця прызнана маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, бо бацькі немаўляці не працуюць і няма належных умоў для выхавання, яго маці ізноў патэлефанавала Ларысе Уладзіміраўне і папрасіла, каб Сергіевічы забралі малютку да сябе дамоў – тады яна будзе спакойная за яе. І Сергіевічы забралі. Кроўная маці наведваецца ў прыёмную сям’ю, мае магчымасць патрымаць на руках малютку, пабыць, колькі захоча.

Пакуль мы цешымся, як усе дзеці забаўляюць Дашу, пад’ехаў Віктар Іванавіч: ён з’ездзіў у Слуцк, каб забраць Андрэя. Юнак быў адазваны з канікулаў для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах за гонар кадэцкага вучылішча як адзін з лепшых спартсменаў. Свае таленты ён пацвердзіў і на ІІ этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па фізічнай культуры, атрымаўшы лаўрэацкі дыплом ІІІ ступені. Паколькі канікулы былі прысвечаныя спаборніцтвам, Ларыса Уладзіміраўна патэлефанавала дырэкцыі Слуцкага вучылішча і папрасіла, каб Андрэю быў дадзены хоць адзін дзень для канікул. Сергіевічам пайшлі насустрач, і Андрэя прывезлі дамоў. Яго чакалі ўсе – і яго два родныя браты, сябар Сяргей, усе дамашнія. Пяцігадовая Авігея нават паехала з татам у Слуцк, каб паказаць Андрэю сваю новую кофтачку, разважаючы ўслых, што дома ён столькі ўвагі ёй не ўдзеліць, бо будзе радавацца сустрэчы з усімі дзецьмі. У дзяцей не хапае рук, каб прынесці граматы, медалі, статуэткі – узнагароды Андрэя на розных спартыўных спаборніцтвах па многіх відах спорту. У яго вельмі сур’ёзныя планы наконт будучай прафесіі, аднак яшчэ да завяршэння вучобы ў кадэцкім вучылішчы – бягучы навучальны год і наступны.

На пытанне, колькі ж у сям’і дзяцей, Ларыса Уладзіміраўна падлічвае: са студэнтамі Андрэем і Сяргеем цяпер 11.

І што ж прыцягвае Андрэя і Сяргея ў гэтую сям’ю?

Яны адказваюць на гэтае пытанне паасобку, а гавораць адно і тое ж. Выказваюць удзячнасць, што пры паступленні дзядзя Віця ездзіў з імі, каб падаць дакументы, вазіў на экзамены, яны былі абароненыя не горш, чым дзеці, якія прыязджалі з кроўнымі бацькамі. Мы пытаемся ў Сяргея, ці чакае ён дазволу, каб прыехаць пасля заняткаў да Сергіевічаў. «Я тэлефаную і папярэджваю, што еду дамоў. І мяне ўсе з радасцю сустракаюць», – кранальна гэта чуць. Андрэй таксама гаворыць, што ў гэтай сям’і яму ўтульна, камфортна. І робіць выснову, што гэта дзякуючы таму, што сям’я жыве з Богам, веруючая. Мы падглядваем, як Андрэй і Сяргей радуюцца сустрэчы, сапраўды, як родныя браты.

Як расказвае Ларыса Уладзіміраўна, каб усім хапіла месца, рабочы кабінет прыйшлося зрабіць спальняй, і яна ў распараджэнні Сяргея. На другім паверсе ў дзяўчынак – свой пакой, у хлопчыкаў – свой. Дом гэты ў Стоўбцах  пабудаваны рукамі Віктара Іванавіча. Цяпер ён спешна стараецца зрабіць санвузел і на другім паверсе, таму што раніцай у ванны пакой і туалет вялікая чарга.

У гэтай сям’і найперш усё трымаецца на аўтарытэце бацькі. Віктар Сергіевіч ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама з’яўляецца адзіным мужчынам у штаце, які аформлены прыёмным бацькам. Галава сям’і бярэ на сябе абавязак сказаць усім дзецям аб галоўным, што яны павінны засвоіць.

– Мы стараемся выхаваць у дзяцей адказнасць за свае ўчынкі, настройваем іх, што яны павінны аддаць Богу тое, чым Гасподзь суцешыў іх саміх – дапамагаць іншым, хто мае патрэбу, не прайсці міма чужой бяды, працягнуць руку дапамогі, – гаворыць ён.

У Ларысы Уладзіміраўны свае абавязкі – быць надзейнай памочніцай мужу ў выхаванні дзяцей, сагрэць усіх мацярынскай любоўю. Яна з радасцю расказвае, што ўсе школьнікі наведваюць школу мастацтваў – іграюць на музычных інструментах: у доме фартэпіяна, труба, баян, цымбалы. Акрамя гэтага, усе малююць. Дзеці любяць кухарыць, умеюць прыбраць у доме. Разам любяць падарожнічаць. Прыемныя ўспаміны пакінула паездка на ўласнай машыне на радзіму Ларысы Уладзіміраўны ў Столін. Цяжка пакінуць дом Сергіевічаў.  Мы таксама адчуваем, што нас трымае тое, што і ўсіх астатніх дамачадцаў, – мірны дух: тут надзвычай утульна ад любові, святла, пазітыву, радасці, дабрыні, ласкі, прастаты, шчырасці, дружбы, узаемавыручкі.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *