Бібліятэка Дзераўнянскай СШ — сапраўдная скарбніца з кніжнымі стэлажамі

Адукацыя Главное

Што запомняць вучні Дзераўнянскай сярэдняй школы, калі выйдуць з яе сцен, дык гэта бібліятэку. Гэта сапраўдная скарбніца з кніжнымі стэлажамі. Гаспадыняй такога клада з’яўляецца Ванда Даўгапол. Больш за 30 гадоў яна працуе на гэтай пасадзе. Школе пашанцавала: Ванда Генадзьеўна мае вышэйшую прафесійную  адукацыю і сваю любоў да прафесіі зацвярджае выключным парадакам у адносінах да кніг і да чытачоў, цікавымі падыходамі да работы, ажыццяўленнем тэматычных праектаў. Ніводнае мерапрыемства ў школе не абыходзіцца без яе творчага ўдзелу.

Кніжны фонд бібліятэкі складае каля 20 тысяч экзэмпляраў. Час інфармацыйных тэхналогій унёс свае змены і ў работу бібліятэк: укараняюцца сучасныя бібліятэчныя методыкі. Да такога фармату работы Ванда Даўгапол гатова, так як развіваецца сама, пастаянна ўдасканальвае традыцыйныя і засвойвае новыя бібліятэчныя тэхналогіі. У бібліятэцы ёсць камп’ютар з доступам да інтэрнэту. Прапаноўваюцца розныя сайты для аказання метадычнай дапамогі настаўнікам, а таксама для адукацыйнага працэсу і самаадукацыі настаўнікаў і вучняў. Вядзецца мэтанакіраваная работа ў праграме «БібліёГраф».

– У бібліятэцы сабраны комплекс адукацыйных і інфармацыйных матэрыялаў на электронных і папяровых носьбітах, да якіх забяспечаны доступ навучэнцаў і педагогаў, – расказвае Ванда Генадзьеўна. – Гэта электронныя падручнікі, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, праграмы, дапаможны матэрыял, распрацаваны педагогамі ўстановы адукацыі. Назапашаны фонд прэзентацый, віктарын, крыжаванак, інтэлектуальныя гульні, распрацоўкі выхаваўчых мерапрыемстваў для класных гадзін, для работы шостага школьнага дня. Праз сучасныя бібліятэчныя методыкі, актыўнае выкарыстанне фонду бібліятэкі аказваецца дапамога вучням і настаўнікам у атрыманні патрэбнай інфармацыі. Работа ў першую чаргу накіравана на прапаганду інфармацыйнай культуры сярод школьнікаў, прывіццё навыкаў умелага карыстання кнігай і электроннымі дакументамі.

Каб прыцягнуць чытачоў да карыстання кнігамі і іншым інфармацыйным фондам, Ванда Даўгапол на кожны навучальны год складае план тэматычных мерапрыемстваў, дзе акрэслены важныя юбілейныя даты ў грамадскім і культурным жыцці краіны. Выхаваўчыя і адукацыйныя мерапрыемствы праводзяцца ў самых розных формах: кніжныя паліцы і выставы, гутаркі-віктарыны, слайд-гутаркі, кніжныя і літаратурныя вечарыны, буктрэйлеры, паэтычныя і інфармацыйныя гадзіны, агляды літаратуры, сустрэчы з пісьменнікамі і да т. п. У выніку такога творчага падыходу да работы вучні здзейснілі  віртуальныя падарожжы па Налібацкай пушчы, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, па гарадах, у якіх адбывалася Свята беларускага пісьменства і друку. З вучнямі 10 класа і іх класным кіраўніком Таццянай Арленка бібліятэка падрыхтавала і правяла прэзентацыю праекта «Пра цябе, мая Радзіма, я з любоўю гавару», дыспут «Кніга ці камп’ютар: усе «за» і «супраць». Практыкуюцца сустрэчы з абмеркаваннем любімых кніг дзяцей разам з бацькамі. Актыўнасць у вучняў рознага ўзросту выклікалі конкурс на лепшага чытальніка вершаў пра Беларусь, гадзіна мужнасці «Забыць не маем права». Праводзіцца вялікая работа па патрыятычным выхаванні вучняў сродкамі тэматычных мерапрыемстваў перад святкаваннем 75-годдзя Вялікай Перамогі. Надаецца ўвага прафарыентацыйнай рабоце ў выпускных класах. Праводзяцца гадзіны зносін, гульні «Свет прафесій», арганізоўваюцца кніжныя выставы «Куды пайсці вучыцца», інфармацыйны навігатар «Дарогі, якія мы выбіраем». А такія акцыі, як «Жыві кніга», «Кнігі просяць дапамогі», выхоўваюць у вучняў беражлівыя адносіны да кнігі, да захаванасці бібліятэчнага школьнага фонду.

На базе Дзераўнянскай сярэдняй школы не раз праводзіліся раённыя семінары бібліятэкараў для перадачы вопыту работы.

Як бачым, дзейнасць школьнай бібліятэкі – гэта цэлы свет новага і неспазнанага для падрастаючага пакалення. І вучням запомніцца не толькі асаблівая атмасфера чытальнай залы са стэлажамі кніг, але і добры позірк, прыветлівасць, усмешка Ванды Генадзьеўны, якая дапамагала ім не толькі вучыцца інфармацыйнай культуры, пашыраць кругагляд, але і заўважаць у навакольным свеце светлыя, добрыя, сонечныя, мяккія і цёплыя колеры.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *