Заслужанаму трэнеру БССР Iвану Корсаку — 80

Главное Спорт

Гэты аповед мы падрыхтавалi з нагоды 80-годдзя настаўніка,  заслужанага трэнера БССР Iвана Корсака.  З яго імем звязана развіццё шахматнага руху на Стаўбцоўшчыне. За плячыма Івана Іванавіча – педагагічны шлях даўжынёю 60 гадоў.

Нарадзіўся Іван Корсак у вёсцы Саска-Ліпка Нясвіжскага раёна напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Цяжкiя выпрабаваннi давялося перанесцi. Вучыўся ў педагагічным вучылішчы ў Нясвіжы на выдатна, настаўнікі вельмі ганарыліся яго поспехамі і працаздольнасцю. У 1958 годзе быў размеркаваны на працу ў Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці. Прайшоў службу ў радах Савецкай арміі, завочна скончыў гістарычны факультэт БДУ. Затым чатыры гады працаваў настаўнікам гісторыі ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.

Другога верасня 1974 года Іван Корсак быў прызначаны на пасаду старшыні камітэта па фізічнай культуры і спорце пры Стаўбцоўскім райвыканкаме. У гэтым жа годзе было адкрыта шахматнае аддзяленне пры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, якое ён узначалiў. За дзесяць гадоў сваёй працы на данай пасадзе Іван Іванавіч арганізаваў шмат мерапрыемстваў, якія значна паўплывалі на ўздым спартыўнага руху на Стаўбцоўшчыне. Пад кiраўнiцтвам Iвана Корсака ў скарбонцы зборнай каманды піянерскай дружыны імя Мамантава сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы было шмат перамог: у снежні 1975 года атрымалі золата на абласной спартакіядзе школьнікаў, з 1982 года станавіліся прызёрамі ў раённых, абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтвах на прызы чэмпіёнаў свету «Белая ладдзя». Як вынік – у 1989 годзе ў фінале ўсесаюзнага турніру «Белая ладдзя» каманда Стаўбцоўскага раёна перамагла вучняў школы Тыграна Петрасяна і атрымала кубак БССР.

Працаздольнасць і арганізатарскія здольнасці Івана Іванавіча былі высока адзначаны ў нашай краіне. За актыўны ўдзел, вялікую падрыхтоўчую работу і эфектыўнае правядзенне спартыўных турніраў у 1979 годзе ён быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1982 годзе яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны трэнер БССР».

З 1988 года  Іван Корсак працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе № 2 г. Стоўбцы.

Захапленнем на ўсё жыццё для Івана Іванавіча сталі шахматы. З 18 гадоў прымаў удзел у турнірах рознага ўзроўню, атрымаў званне майстра спорту.

За 60-гадовую педагагічную дзейнасць трэнерам падрыхтавана цэлая плеяда шахматыстаў. Сярод іх – вядомыя настаўнікі, урачы, інжынеры: Сяргей Агароднік, Уладзімір Карачун, Наталля Касцюкевіч, Ала Ярмак, Юрый Сінянкоў.

З 2001 года Іван Корсак працуе ў сярэдняй школе № 3 г. Стоўбцы, дзе была адкрыта Школа юных інтэлектуалаў. У сучасны перыяд шахматамі займаюцца вучні пачатковых класаў у межах факультатыўных заняткаў «Шахматны ўсянавуч», а трэцяга – восьмага класаў – «Асновы шахматнай гульні», нязменным настаўнікам якіх з’яўляецца Іван Іванавіч.

Яшчэ адной каштоўнасцю для  гэтага чалавека з’яўляецца сям’я. 60 гадоў побач з iм яго жонка Ларыса Адамаўна i трое дзяцей, якiя таксама займаюцца шахматамі. Падтрымліваюць дзядулю ў захапленнi і яго пяць унукаў і ўнучка, якімі ён вельмі ганарыцца.

Хочацца спадзявацца, што гульня ў шахматы не страцiць сваёй актуальнасці, бо агульнае развiццё асобы каштоўнае ў любым узросце. Жадаем Івану Іванавічу моцнага здароў’я i даўгалецця. Няхай любоў, удзячнасць i прызнанне спадарожнiчаюць у жыццi.

Яўгенiя Слесарчык, дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *