
Няхай прабачыць Аляксандра Сідаровіч за такі фрывольны тон, але, думаецца, зусім нялішне падкрэсліць яе маладосць, прыгожую знешнасць і, між іншым, удзел у конкурсе прыгажунь. Разам з тым у 20 з «хвосцікам» Аляксандрай зроблены вельмі сур’ёзны выбар – на карысць службы ў міліцыі.
У райаддзеле міліцыі Аляксандра – самы малады ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх.
Дзе можна ўбачыць Аляксандру Сідаровіч? Ды ў Стоўбцах, да прыкладу на дыскатэцы. Па доўгу службы Аляксандра нясе дзяжурства на мерапрыемствах, дзе танцуюць непаўналетнія. Увогуле графік службы інспектара скарэкціраваны, як правіла, на больш позні, вячэрні, час як у выхадныя дні, так і ў будзённыя. Пры гэтым Аляксандра прызнаецца: «Адчуваю, што знайшла сябе ў міліцыі».
– І вы марылі пра такую работу? – задаю Аляксандры правакацыйнае пытанне.
І чую ў адказ:
– Са школы ў мяне былі дзве мэты: першая – вывучыцца на юрыста, другая – папасці на працу ў міліцыю. Мне здавалася, што работніку міліцыі прасцей успрымаць рэальнасць, ёсць магчымасць аднавіць справядлівасць. Паступіла ў юрыдычны каледж БДУ. Па размеркаванні трапіла на Стаўбцоўшчыну, у ААТ «Шашкі» (Аляксандра Сідаровіч родам з Баранавічаў. – Заўвага рэд.). Папрацаваўшы ў гаспадарцы юрысконсультам, атрымала каштоўную практыку, аднак зразумела, што юрыст-гаспадарнік – гэта не зусім маё. Мне больш падабаецца адміністрацыйнае права. Калі закончылася адпрацоўка, вырашыла змяніць ход падзей.
Звярнулася ў райаддзел міліцыі, і мяне адразу ўзялі. Прайшла падрыхтоўку ў вучэбным цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, а ў снежні 2019 года была прызначана на пасаду ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх.
– Выходзіць, вы дасягнулі сваіх мэт. Што далей?
– Мне падабаецца рух (за дзень па горадзе находжваю не адзін кіламетр), кантакты з дзецьмі, бацькамі, педагогамі… Вучуся далей: займаюся завочна на трэцім курсе юрфака БДУ па спецыяльнасці «судова-пракурорска-следчая дзейнасць».
– З якімі складанасцямі сутыкнуліся ў рабоце ўчастковага інспектара?
– Было цяжка прывыкнуць да графіка работы, але з гэтым ужо справілася. У вольны ад службы час наведваю трэнажорную залу ФАКа. Знаходжу час на сон. А ўвогуле працаваць няцяжка, калі ёсць мэта.
Мне падабаецца шукаць падыход да дзяцей. У Стоўбцах больш за 20 непаўналетніх, з якімі праводжу індывідуальную прафілактычную работу. Гутару з падлеткамі, тлумачу ім нормы заканадаўства. Выступаю ў гарадскіх школах. У інспекцыі склаўся добры калектыў, і, калі чаго не ведаеш, на дапамогу гатовы прыйсці вопытныя калегі.
– Як прынялі ваш выбар бацькі?
– Мама была шакіравана, але потым згадзілася. Яна ведае, што я свае рашэнні ўзважваю, абдумваю. Перажывала, безумоўна, за мяне… На жаль, дамоў езджу рэдка… Затое блізкія мной ганарацца.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара