Падвялі вынікі раённага этапа конкурсу прафесійнага майстэрства «Педагог сацыяльны»

Адукацыя Главное

На базе Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адбыўся фінал раённага этапа абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства «Педагог сацыяльны».

У педагагічным асяроддзі склалася добрая традыцыя праводзіць святы прафесійнага майстэрства. Аднак конкурс сярод педагогаў сацыяльных праводзіўся ўпершыню, з мэтай павышэння прэстыжу сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ў сістэме адукацыі Мінскай вобласці, прафесійнага ўзроўню і поўнай рэалізацыі творчага патэнцыялу педагога сацыяльнага.

Пазмагацца за званне лепшага педагога сацыяльнага ў раёне падалі заяўкі трое канкурсантак: Надзея Харанека з ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа», Наталля Музычэнка з Горкаўскай сярэдняй школы і Таццяна Кухарчык з Заямнаўскай сярэдняй школы. Канкурсанткі адрозніваюцца адна ад адной: маюць розныя адукацыю, катэгорыю і стаж работы, але іх аб’ядноўвае творчы падыход да сваёй справы і бязмерная любоў да прафесіі.

Конкурс праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку канкурсанткі завочна прадставілі вопыт уласнай педагагічнай дзейнасці і дзейнасці па самаадукацыі праз партфоліа і відэазапіс прафілактычнага мерапрыемства. Затым яны прынялі ўдзел у тэсціраванні для выяўлення ўзроўню ведаў нарматыўнага прававога забеспячэння дзейнасці педагога сацыяльнага. Асабліва хваляваліся канкурсанткі на этапе правядзення заняткаў у незнаёмых класах, але ўсё атрымалася. І нарэшце, на фінальным этапе кожная ўдзельніца ў творчай форме самапрэзентавала сябе як спецыяліста.

Фінальны этап конкурсу прайшоў у цёплай атмасферы, на яго былі запрошаны педагогі сацыяльныя з усяго раёна, так што нашы канкурсанткі не засталіся без групы падтрымкі сваіх калег і вучняў.

Кожная ўдзельніца ў поўнай меры змагла раскрыць сваё ўнутранае і прафесійнае «я», прысутныя маглі адчуць, якія творчыя і тонкія іх натуры. Канкурсанткі яшчэ раз даказалі, што педагог сацыяльны – гэта ўнікальная прафесія. Такі спецыяліст з’яўляецца, так бы мовіць, барометрам надвор’я ў школе паміж педагогамі – вучнямі – бацькамі.

Пераможцай конкурсу журы вызначыла педагога сацыяльнага Заямнаўскай сярэдняй школы Таццяну Кухарчык. На гэтай пасадзе Таццяна Юр’еўна працуе 12 гадоў, мае першую кваліфікацыйную катэгорыю. У педагагічнай супольнасці раёна яе ведаюць як высокакваліфікаванага і адказнага спецыяліста, спагадлівага і добрага чалавека.

Таццяне Кухарчык трэба будзе прадстаўляць раён на абласным этапе конкурсу. Пажадаем ёй поспехаў.

Святлана НАЙДЗЁН, педагог сацыяльны Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *