Сцяг Стоўбцаў пабываў на Арысабе

Год малой родины Соцыум

Выпускнікі сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы, сямейная пара Канстанціна і Анастасіі Лапко, дырэктара прыватнай фірмы і навуковага супрацоўніка Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, працягваюць пакараць вяршыні свету.

У скарбонцы альпіністаў – узыходжанне на самыя высокія вулканы Еўропы, Афрыкі і Азіі – Эльбрус, Кіліманджара і Дэмавенд, падарожжа-экспедыцыя па актыўных вулканах Інданэзіі. У студзені Канстанцін і Анастасія ўзышлі на самы высокі вулкан Паўночнай Амерыкі – Арысаба. Гэта стала падставай запрасіць нашых адважных землякоў на эксклюзіўнае інтэрв’ю для «Праменя».

– Нашы віншаванні вам, Канстанцін і Анастасія, з чарговай перамогай. Прыемна ўбачыць на фота сцяг родных Стоўбцаў, які падарожнічае з вамі па ўсім свеце.

– Так, гэта ўжо чацвёрты найвышэйшы вулкан кантынентаў з прэстыжнай сусветнай альпінісцкай праграмы «7 вулканаў», якую мы выконваем як першая беларуская сямейная пара. На кожнай вяршыне мы падымаем Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг роднага горада Стоўбцы. Мы ўзышлі на вяршыню Арысаба раніцай 12 студзеня бягучага года.

– А якая розніца ў часе з нашым беларускім?

– Розніца ў часе выявілася адразу для нас – гэта дзевяць гадзін. Прачыналіся мы ўжо ў сярэдзіне ночы, бавілі час да світання, а пасля абеду даводзілася змагацца са сном.

– Узыходжанне на такую вышыню не можа быць без цяжкасцей, гэта экстрэмальныя ўмовы. З чым давялося сутыкнуцца?

– Кожнае ўзыходжанне лёгка не даецца. Недахоп паветра, ураганны вецер на самай вяршыні. У гэтай паездцы было вельмі шмат цяжкасцей і непрадбачаных складаных абставін. Пры перасячэнні мяжы ў нацыянальным аэрапорце Мехіка Беніта Хуарэс нас затрымала пагранічная служба на шэсць гадзін, бралі адпячаткі пальцаў, правяралі ўсе дакументы, броні, білеты. Увесь гэты час нам давялося даказваць, што мы альпіністы і едзем на ўзыходжанне на Арысабу. У выніку нас адпусцілі, аднак прыгоды не закончыліся. Авіякампанія згубіла наш багаж з усёй экіпіроўкай. Добра, што мы ў Мехіка запланавалі два дні на адпачынак перад узыходжаннем. Рэчы нам вярнулі за чатыры гадзіны да ад’езду на гару.

– Якая вышыня вулкана Арысаба, і колькі часу заняло ўзыходжанне?

– Вулкан Арысаба вельмі прыгожы і незвычайны. Калі Эльбрус і Дэмавенд выстаўляюць напаказ сваю магутнасць, то Арысаба заззяла сваёй ледзяной мантыяй на самой вяршыні, грацыёзна ўзвышаючыся над Мексіканскім нагор’ем. Да штурмавога лагера (апошні лагер перад вяршыняй) можна дабрацца на пазадарожніку з гарадка Тлачычука. Сам жа прытулак знаходзіцца на вышыні 4240 метраў. Калі мы прыехалі, надвор’е нас не парадавала: было ветрана, і шчыльныя цёмныя воблакі закрывалі вяршыню. Затое нас нечакана здзівіла тэмпература паветра: па адчуваннях было градусаў 12 – 14, што для такой вышыні дастаткова цёпла. На Эльбрусе, напрыклад, на такой вышыні ўжо зона спрадвечных леднікоў. А тут было дастаткова камфортна пасядзець на каменьчыку, назіраючы, як недзе далёка мільгаціць ледзяная вяршыня. Штурм пачаўся ў гадзіну ночы.Усе групы, адна за адной, пачыналі пад’ём да вяршыні. Было шмат амерыканцаў, бразільцаў і, канешне ж, мексіканцаў. Да 5000 метраў даводзіцца карабкацца па каменнях, а далей пачынаецца ляднік з ухілам 30 градусаў, па якому ідзеш у альпінісцкіх кошках, з ледасекамі ў руках, у абвязках у звязцы. Вышыня гэтага дзеючага вулкана ў Мексіцы 5636 метраў. Мы ўзышлі на яго ў 07.45 раніцы па мясцовым часе. Якое гэта было шчасце – дасягнуць мэты, аказацца на самым высокім вулкане Паўночнай Амерыкі! Гледзячы ўніз, мы назіралі, як пад нагамі плывуць воблакі ў бок Юкатана, як унізе лятаюць верталёты, як цень ад гары падае на дзясяткі кіламетраў удалечыню.

– А якія ўражанні пакінула Мексіка?

– Сталіца Мехіка – вельмі прыгожы горад. Старыя кварталы, якія будавалі канкістадоры, чымсьці напамінаюць даўнія іспанскія вулачкі, але з мясцовым каларытам. Новыя раёны ззяюць сваімі небаскробамі і бізнес-цэнтрамі сярод шыкоўных зялёных паркаў. У Мехіка мы наведалі антрапалагічны музей, дзе сабраны ўнікальныя экспанаты плямён індзейцаў, музей вядомай мастачкі Фрыды Кало і дом-музей рэвалюцыянера Льва Троцкага. Побач з Мехіка знаходзяцца піраміды Тэатыуакана. Гэта незвычайнай прыгажосці комплекс, які адлюстроўвае ўсю велічнасць цывілізацыі ацтэкаў. Мы падняліся на самы верх піраміды сонца, адкуль адкрываецца чароўны від на ўвесь Тэатыуакан. Асобна хочацца сказаць пра мексіканскую кухню. Супы з кактусаў, ашаламляльнае тако, хрумсткі начос, кукурузныя ляпёшкі, смачнае гуакамоле са свіной шкурай, смажанай у фрыцюры, і знакаміты кактэйль «Маргарыта». Пасля ўзыходжання на Арысабу мы адправіліся на ўсход Мексікі, паўвостраў Юкатан. Нас клікалі старадаўняя Чычэн-Іца, сяноты і руіны Тулума. Піраміды майа меншыя па памерах, чым у Тэатыуакане, але больш упрыгожаныя разьбою па камені. На беразе Карыбскага мора знаходзяцца руіны старадаўняга горада Тулум племені майа – адзінага на марскім узбярэжжы. Сяноты – гэта прыродныя калодзежы з крыштальна чыстаю вадою, якія знаходзяцца ў пячорах і маюць маленькія адтуліны-вокны ў столі, праз якія прабіваецца сонечнае святло.  Гэта цуд прыроды, які сустракаецца толькі на Юкатане. Мы вельмі шкадуем, што па прычыне шторму не змаглі трапіць у падводны музей скульптур каля вострава Ісла-Мухэрэс. Любое падарожжа заўсёды падыходзіць да канца. Мы з сумам пакавалі рукзакі ў зваротную дарогу. Дома нас з нецярпеннем чакалі нашы дзеткі і бацькі. Дзякуй Мексіцы і Арысабе за ўсе тыя цуды, якія мы змаглі для сябе адкрыць!

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *