У Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце прайшла акцыя для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны

Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное

З нагоды 75-годдзя Вялікай Перамогі праходзяць акцыі, прысвечаныя гэтай юбілейнай даце. Супрацоўнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавалі дабрачынную акцыю «Помнім! Ганарымся!» Падчас яе работнікі цэнтра наведалі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, працоўнага фронту, інвалідаў, людзей пажылога ўзросту, якія пацярпелі ў ваенным ліхалецці.

Адно з мерапрыемстваў акцыі прайшло ў Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў. Госці завіталі сюды, каб сустрэцца з тымі, для каго ваенны перыяд у гісторыі – гэта асобны этап у жыцці. Жыхары інтэрната, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны чакалі гэтую сустрэчу з радасцю. Як адзначае дырэктар установы Валянціна Атрушкевіч, такія мерапрыемствы заўсёды пакідаюць прыемныя ўражанні і пачуцці ў падапечных інтэрната, даюць прыліў сіл.

Гэта адразу адчуваецца. Усе сабраліся ў актавай зале за святочным сталом.  Пяць ветэранаў вайны – Марыя Свірыдовіч, Сафія Дарчук, Марыя Зюкіна, Мікалай Бразгоўка, Уладзімір Райко – былі ў цэнтры асаблівай увагі.  Усе яны такія прыгожыя, са сціплай усмешкай на твары, што настройвае адразу на пазітыўны лад. А ў іх жыцці было столькі складаных, цяжкіх дзён, яны глядзелі ў вочы смерці, прымусова былі вывезены на Нямеччыну. Пасля вайны прыклалі шмат сіл для аднаўлення краіны. Гэта выклікае вялікую павагу да іх і абвастрае пачуццё абавязку захоўваць памяць пра абаронцаў Айчыны.

Для ветэранаў і гасцей жыхарамі дома-інтэрната – Аляксандрай Бібікавай, Чаславам Шыдлоўскім, Валянцінай Пятровай і Аляксандрам Карнюшкам – быў арганізаваны канцэрт. У такой сяброўскай атмасферы і самі ветэраны, такія стрыманыя, сціплыя, нібыта квітнелі. Сафія Дарчук заспявала сваю любімую песню. Прысутныя падтрымлівалі яе гучнымі апладысментамі. Кожнаму жадаючаму было дадзена слова для ўспамінаў.

Напрыканцы сустрэчы работнікі тэрытарыяльнага цэнтра ўручылі падарункі, пажадалі моцнага здароўя. Узамен яны атрымалі словы ўдзячнасці за дабрачынную акцыю.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *