У рабоце з былымі асуджанымі важная дынаміка

Ахова правапарадку Важное

Справаздачу аб рабоце дае начальнік службы Стаўбцоўскага АКС Валерый Бохан

На Стаўбцоўшчыне прайшло першае ў 2020 годзе пасяджэнне назіральнай камісіі пры райвыканкаме. Месцам яго правядзення было выбрана УП «Стаўбцоўскае АКС».

Сярод прадпрыемстваў раёна ў Стаўбцоўскім АКС працуе найбольшая колькасць былых асуджаных – дзевяць чалавек. Па інфармацыі часова выконваючага абавязкі начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі Аляксандра Нікалаева, у студзені вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі дзесяць жыхароў раёна. Усе яны ў асноўным працаўладкаваны, двое з іх з’явілі жаданне адкрыць уласную справу.

– Наша задача – абмеркаваць якасць прафілактычнай работы з былымі асуджанымі ў Стаўбцоўскім АКС (тым больш, што некаторыя з іх з’яўляюцца і абавязанымі асобамі), аказаць ім неабходную дапамогу, – заўважыла намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая.

У членаў назіральнай камісіі адбылася індывідуальная размова з былымі асуджанымі, якія працуюць у Стаўбцоўскім АКС. Так, у свой час яны аступіліся, зрабілі памылку, але цяпер ёсць магчымасць рэабілітавацца і вярнуцца ў сям’ю, грамадства. Характарыстыку кожнаму даваў майстар, дапаўняў яго начальнік службы па адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай рабоце Валерый Бохан.

У адрас большасці былых асуджаных, цяперашніх аператараў кацельняў і рабочых Стаўбцоўскага АКС, былі сказаны добрыя водгукі, падкрэслівалася іх стараннасць, адэкватныя адносіны ў калектыве. Прадпрыемства выдзеліла адной з работніц дом у сельскай мясцовасці.

Фактычна адсутнічаюць прэтэнзіі да гэтых людзей і з боку крымінальна-выканаўчай інспекцыі: яны своечасова з’яўляюцца ў райаддзел міліцыі згодна з умовамі ўстаноўленага нагляду, не дапускаюць адміністрацыйных правапарушэнняў. У адносінах да некалькіх асоб прадстаўнік райаддзела міліцыі нават выказаў думку аб падрыхтоўцы хадайніцтваў аб датэрміновым пагашэнні судзімасці.

У Стаўбцоўскім АКС акрамя дзевяці былых асуджаных працаўладкаваны і шэсць абавязаных асоб. Колькасць іх пастаянна павялічваецца. Работа з названымі катэгорыямі грамадзян карпатлівая, патрабуе штодзённага кантролю. «Асноўнае – каб была відаць станоўчая дынаміка», – акрэсліла прыярытэты Жанна Лысая і пацікавілася, ці звярталіся гэтыя людзі за дапамогай у прафкам, да кіраўніцтва прадпрыемства.

– Былі звароты. Выдзялялі дапамогу, але не грашыма, а прадуктамі, – адзначыў Валерый Бохан. – Усім жадаючым даем магчымасць дадатковага заробку. Напрыклад, на зборы і сарціроўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў на ведамасным палігоне цвёрдых бытавых адходаў. Акрамя таго, запрашаем удзельнічаць у культурным жыцці прадпрыемства.

Былыя асуджаныя могуць атрымаць дапамогу адзеннем і іншымі рэчамі ў раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У цэлым у рабоце з былымі асуджанымі нярэдка запатрабаваны такія віды дапамогі, якія не прадугледжаны заканадаўчымі дакументамі. Да прыкладу, у афармленні пашпарта, рэгістрацыі жылля і да т. п.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *