Гонар быць у дзясятцы

Нумары Спорт

Традыцыйную дзясятку лепшых спартсменаў 2013 года вызначыў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Рэйтынг спартсменаў вызначаецца парадкам іх прадстаўлення ў спісе мацнейшых. Першае месца тут аддадзена Аляксандру Карніцкаму. Выхаванец Стаўбцоўскай ДЮСШ вядучы паўабаронца футбольнай каманды «Нёман-Агра» быў запрошаны ў клуб вышэйшай лігі першынства Беларусі «Гомель». І там адстаяў сваё месца ў асноўным саставе. Добрае бачанне поля, што неабходна для цэнтральнага паўабаронцы, каб выдаваць дакладныя пасы атакуючым ігракам і стрымліваць наступленне саперніка, хуткасць бегу і прыняцця рашэнняў. А таксама моцны, пастаўлены ўдар. Усё гэта яму прысутна. Нездарма ж абышоў многія перыядычныя выданні, «круціцца» ў інтэрнэце гол, які забіў Аляксандр у вароты каманды «Тарпеда-БелАЗ». Са сваёй паловы поля, з адлеласці 65 метраў у Карніцкага атрымаўся выніковы ўдар. Здольнага спартсмена заўважылі, уключылі ў састаў шматразовага чэмпіёна Беларусі – каманду, знакамітую і на міжнароднай арэне, – барысаўскі БАТЭ. Па звестках з інтэрнэту, за пераход таленавітага футбаліста барысаўскі клуб заплаціў гомельскаму 75 тысяч еўра. Пажадаем поспехаў Аляксандру, каб ён абараняў гонар краіны ў саставе зборнай каманды Беларусі.
На другім і трэцім месцах у спартыўнай дзясятцы Максім Рудніцкі і Яўген Ліпай. Хлопцы з Наваколасава, выхаванцы трэнера Эдуарда Варывоцкага сёння ўжо кандыдаты ў майстры спорту, члены маладзёжнай зборнай рэспублікі па біятлоне. Падкрэслім, што біятлон – лыжныя гонкі са стральбой па мішэнях – мае ў беларускім спорце добрыя традыцыі. Нашы біятланісты з’яўляюцца надзеяй на поспех у зімовых Алімпійскіх гульнях, якія ў лютым стартуюць у Сочы. А такія маладыя спартсмены, як Рудніцкі і Ліпай, з’яўляюцца надзейным рэзервам беларускага лыжнага спорту і біятлона.
У спартыўнай хроніцы нашай газеты ўсё часцей прыгадваецца Андрэй Бурдукевіч. Пераможнымі для яго становяцца выступленні на бегавых дыстанцыях у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Андрэй выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту, з’яўляецца членам юніёрскай зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы.
Некалькі гадоў запар уключаецца ў дзясятку мацнейшых спартсменаў раёна Людміла Мяшкова. Яшчэ вучаніцай Коласаўскай сярэдняй школы яна асвоіла тэхніку лыжнага спорту. Уменне ёй і яе сяброўкам дапамагае выходзіць пераможцамі абласной зімовай спартакіяды сельскіх жыхароў. І наогул Людміла выручае раённы спорт у спаборніцтвах па розных відах спорту, нездарма мае тытулы прызёра рэспубліканскіх і абласных турніраў па шматбор’і і комплекснай праграмы «Здароўе».
Зборная каманда баскетбалістаў Стаўбцоўшчыны летась зноў стала прызёрам чэмпіянату вобласці. Капітан яе Наталля Асокіна надзейна дзейнічае сама і вядзе ў «спартыўны бой» сябровак.
Валейбол у спісе спартыўных умельцаў раёна прадстаўляе Канстанцін Шуцько. І ў гэтай каманднай гульні значная яго роля як іграка і як арганізатара спаборніцтваў. А што наш валейбол на ўзроўні, сведчыць прызавое другое месца ў чэмпіянаце вобласці.
Настольны тэніс Стаўбцоўшчыны найперш знакаміты дзякуючы Віктару Кругліку. Ужо каторы год запар ён становіцца чэмпіёнам раёна, шчыруе і над арганізацыяй удзелу ў турнірах аматараў «малой ракеткі».
Сваё законнае месца ў дзясятцы заняў і Анатоль Вільнявец. Дзераўнянскі асілак мае шмат тытулаў у гіравым спорце. Яго вышэйшы леташні поспех – другое месца ў абласным турніры гіравікоў.
Казімір Лаўрыновіч – наш мацнейшы ігрок у шашкі. Дасканала авалодаў тэорыяй і мае багатую практыку гэтай інтэлектуальнай гульні. І на Міншчыне ён знакаміты спартсмен, прызёр чэмпіянату вобласці па шашках.
Жадаем нашым спартыўным талентам новых перамог у наступіўшым годзе!
Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *