Адпомсцілі… участковаму

Ахова правапарадку Важное

Напрыканцы студзеня ўступіў у законную сілу прыгавор, вынесены судом раёна, па адной з рэзанансных крымінальных спраў. За кратамі аказалася сям’я – бацька і двое яго дарослых сыноў, якія кінуліся на ўчастковага інспектара міліцыі. Для самаабароны ён вымушаны быў прымяняць табельную зброю і выклікаць па рацыі дапамогу.

Уявіце сабе: трое нецвярозых мужчын – на аднаго ўчастковага. Спачатку двое з іх, браты ва ўзросце 31 і 27 гадоў, на падворку спрабавалі нанесці яму ўдары кулакамі, павалілі на зямлю, а калі міліцыянер стаў абараняцца і ўрэшце проста ўцякаць, пагналіся за ім па вясковай вуліцы. На крыкі павыскоквалі са сваіх дамоў вяскоўцы… У адзін момант участковы заўважыў, што з двара бяжыць на яго і сам галава сям’і, з сахаром у руках, і тады пагрозы кшталту «Закалю!», «Заб’ю!» набылі цалкам канкрэтны змест…

Участковы вымушаны быў зрабіць некалькі папераджальных стрэлаў. Аднак сітуацыю гэта не змяніла – адзін з братоў, схапіўшы металічны лом, стаў граміць службовы аўтамабіль участковага. Біў па шкле і люстэрках, бакавых надпісах «Міліцыя». На шчасце, падаспела дапамога, якую ўчастковы выклікаў па рацыі, і ўсе трое зламыснікаў былі затрыманы і заключаны пад варту.

…Здарылася гэтая крымінальная гісторыя летась першага мая. Сюжэт яе дастаткова банальны. Гаспадар сямейства, палявод ААТ «Вішнявецкі-агра», вярнуўся з працы, калі двое яго сыноў, якія нідзе не працавалі, праводзілі час у кампаніі і за алкаголем. Падчас сумеснага распівання старэйшы брат нанёс суседу нажавое раненне ў руку. Па выкліку прыехала «хуткая», якая забрала параненага, а следам для правядзення разбіральніцтва з’явіўся ўчастковы інспектар.

У братоў гэта выклікала рэзка негатыўную рэакцыю. Бацька, які аказаўся побач, таксама запатрабаваў ад участковага: «Не чапай маіх дзяцей!».

На судзе бацька і яго сыны давалі супярэчлівыя паказанні і толькі часткова прызналі сваю віну. Спасылаліся, што нічога не помняць. І сапраўды, алкаголь можа адабраць памяць. Медыцынскі агляд зафіксаваў стан алкагольнага ап’янення ў бацькі і малодшага сына, старэйшы адмовіўся ад праходжання агляду. Стан алкагольнага ап’янення абвінавачаных названы судом сярод тых абставін, якія абцяжарваюць іх адказнасць.

Віна іх пацверджана паказаннямі пацярпелага і сведак, іншымі матэрыяламі, якія былі даследаваны ў судовым пасяджэнні. Судова-псіхіятрычнай экспертызай вынесены заключэнні аб асэнсаванні ўсімі траіма характару і грамадскай небяспекі сваіх дзеянняў.

Учынкі бацькі і старэйшага сына кваліфікаваныя згодна з двума артыкуламі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (пагроза прымянення насілля і прымяненне насілля ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці і з помсты за выкананне службовай дзейнасці, а таксама публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў), а малодшага сына, які яшчэ пашкодзіў службовы аўтамабіль і нанёс гэтым значныя матэрыяльныя страты, – згодна з трыма артыкуламі.

За ўчыненыя злачынствы па прыгаворах суда ўсе яны пазбаўлены волі з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму: бацька – на чатыры гады, старэйшы і малодшы сыны – на тры і чатыры гады адпаведна. Да братоў, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, прыменены прымусовыя меры бяспекі і лячэння.

Акрамя таго, судом задаволены два іскі – аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 3000 рублёў пацярпеламу і аб кампенсацыі нанесеных страт райаддзелу міліцыі ў памеры 4500 рублёў разам са спагнаннем дзяржаўных пошлін (памер апошніх у выніку апеляцыі быў зменшаны, а ў астатнім прыгавор пакінуты без змен). І, дарэчы, першым унёскам у лік пагашэння запазычанасці па іскавых патрабаваннях стала іх арыштаваная маёмасць: тэлевізар, халадзільнік, газавая пліта, пыласос, мабільныя тэлефоны, веласіпед, мэбля…

Застаўся пустым вясковы дом, яго жыльцы не хутка вернуцца сюды…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *