Выкарыстаць сямейны капітал датэрмінова стала магчыма. Растлумачваем змены разам са спецыялістам

Важное Соцыум

З пачатку 2020 года звярнуліся за прызначэннем сямейнага капіталу 17 жыхароў раёна і 44 – за датэрміновым распараджэннем гэтымі сродкамі. У прыватнасці, 40 шматдзетных сем’яў пажадалі выкарыстаць іх на будаўніцтва жылля і пагашэнне крэдыту, трое – на стаматалагічныя паслугі, адна – на атрыманне адукацыі.

Такое права – распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу датэрмінова – з’явілася ў шматдзетных сем’яў з 1 студзеня 2020 года.

– Сем’і сталі звяртацца, таму што ўбачылі рэальную магчымасць палепшыць такім чынам свае жыллёвыя ўмовы? – цікавімся ў загадчыка сектара бытавога забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святланы КОШМАН.

– Так, шматдзетныя сем’і звяртаюцца, прычым звяртаюцца нават тыя, якія па пэўных прычынах у перыяд з 01.01.2015 г. па 31.12.2019 г. прапусцілі тэрмін прызначэння сямейнага капіталу (гэты тэрмін складае шэсць месяцаў). Нядаўна прынята рашэнне аб аднаўленні тэрміну і аб прызначэнні сямейнага капіталу жанчыне, у якой у 2018 годзе нарадзілася трэцяе дзіця.

Рашэнне аб прызначэнні сямейнага капіталу, датэрміновым распараджэнні гэтымі сродкамі прымае райвыканкам на працягу месяца са дня звароту. На капітальны рамонт ці проста на рамонт дома сямейны капітал датэрмінова не можа быць выкарыстаны.

– Святлана Леанідаўна, на якія мэты можа быць датэрмінова выкарыстаны сямейны капітал?

– Сродкі сямейнага капіталу прадастаўляюцца шматдзетным сем’ям для выкарыстання ў Рэспубліцы Беларусь у поўным аб’ёме або па частках незалежна ад часу, які прайшоў з даты прызначэння сямейнага капіталу, і яны могуць быць выкарыстаны па трох накірунках.

Першы і самы запатрабаваны накірунак – паляпшэнне жыллёвых умоў. Маецца на ўвазе будаўніцтва (рэканструкцыя) жылога памяшкання ў складзе арганізацый-забудоўшчыкаў ці на аснове дагавору стварэння аб’екта долевага будаўніцтва – у абодвух выпадках абавязковай умовай з’яўляецца тое, што асобы ва ўстаноўленым парадку павінны быць накіраваны на будаўніцтва (рэканструкцыю). Таксама сродкамі сямейнага капіталу можна распарадзіцца датэрмінова пры будаўніцтве (рэканструкцыі) аднакватэрнага жылога дома ці кватэры ў блакіраваным жылым доме падрадным або гаспадарчым спосабам, пры набыцці жылога памяшкання, у тым ліку таго, будаўніцтва якога ажыццяўлялася паводле дзяржзаказу, пры пагашэнні запазычанасці па крэдыту (у тым ліку льготнаму), які прадастаўлены на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылога памяшкання, і выплаце працэнтаў за карыстанне ім. Абавязковай умовай пры датэрміновым выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў з’яўляецца знаходжанне на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Другім накірункам датэрміновага распараджэння сродкамі сямейнага капіталу з’яўляецца атрыманне членам сям’і адукацыі (вышэйшай адукацыі першай ступені або сярэдняй спецыяльнай адукацыі) у дзяржаўных установах адукацыі на платнай аснове.

Што датычыць медыцынскіх паслуг, то атрымаць іх за сродкі сямейнага капіталу можна ў арганізацыях аховы здароўя (неабавязкова дзяржаўных), але пры наяўнасці заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі з дзяржаўнай установы аховы здароўя, а менавіта: для медыцынскага прымянення іншых медыцынскіх вырабаў замест уключаных у Рэспубліканскі фармуляр медыцынскіх вырабаў пры выкананні складаных і высокатэхналагічных умяшальніцтваў у кардыяхірургіі, нейрахірургіі, анкалогіі і (або) іншых лекавых сродкаў замест уключаных у Рэспубліканскі фармуляр лекавых сродкаў, а таксама на стаматалагічныя паслугі ў выглядзе пратэзавання зубоў, дэнтальнай імплантацыі з далейшым пратэзаваннем і артадантычнай карэкцыі прыкусу.

– Хто з членаў сям’і мае права на прызначэнне сямейнага капіталу? 

– Такое права маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы: матуля (мачаха) у поўнай сям’і, адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і або ўсынавіцель (удачарыцель). У выпадку, калі ў поўнай сям’і матуля (мачаха) не мае права на прызначэнне сямейнага капіталу, то данае права мае бацька (айчым) пры захаванні ўмоў, вызначаных заканадаўствам.

Права на прызначэнне сямейнага капіталу можна выкарыстаць толькі адзін раз.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *