Члены аглядавай камісіі наведалі ветэранаў

Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное

Гэтымі днямі па ініцыятыве раённага выканаўчага камітэта да ветэранаў вайны наведваецца аглядавая камісія, каб яшчэ раз вывучыць іх умовы пражывання і проста пацікавіцца, як жывецца ветэрану.

Ветэран вайны Іосіф Казлоўскі сустракае членаў камісіі на сваім падворку

У склад камісіі ўключаны супрацоўнікі розных раённых службаў: сацыяльнай, пажарнай, энергагазнагляду, а таксама рэдакцыі газеты, каб у комплексе ацаніць стан бяспекі домаўладанняў, узровень сацыяльнага дабрабыту ветэранаў (гэта работа вядзецца адпаведнымі службамі пастаянна, складаюцца акты абследавання жыллёва-бытавых умоў). Не менш важны і жывы кантакт з ветэранамі, магчымасць ацаніць іх настрой, які, зрэшты, лёгка чытаецца па ўсмешцы, жартах.

Члены камісіі аглядаюць у дамах ветэранаў печы і дымаходы (дзе яны ёсць), электраправодку, аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. У цэлым сітуацыя з гэтым абсталяваннем нармальная, не выклікае трывогі. Таксама

тэрытарыяльны цэнтр дадаткова падрыхтаваў для ветэранаў апавяшчальнікі і, калі іх недастае ў жылых пакоях, бясплатна перадае прыборы.

На наша пытанне «Якія ёсць праблемы?» 94-гадовая Валянціна Зубкова з вёскі Атцэда парыруе: » У мяне ўсё добра. У доме – газ, неабходныя зручнасці. Гляджу тэлевізар. Знаходжу сабе занятак». Дачка Галіна, мінчанка, дадае: «Наша бабуля ўжо і часнок прапалола».

Не бракуе актыўнасці і Аляксею Грамыку з вёскі Баханы. Аляксея Пятровіча абслугоўвае сацыяльны работнік, але ён і сам у свае шаноўныя гады мае шмат клопатаў. Найпершы – нарэшце завяршыць у доме рамонт. У гэтым яму дапамагае дачка, мінчанка. У вёсцы больш надзейным стала электразабеспячэнне, таму што не так даўно энергетыкамі праведзена рэканструкцыя электрасетак. Аляксей Грамыка – франтавік, жыве на вуліцы Партызанскай і імкнецца падтрымліваць імідж вуліцы адмысловым парадкам на ўласным падворку. Праўда, ёсць пытанні па рамонце плоту і адносна ўборкі хмызнякоў на вулічнай тэрыторыі, якія ўсё бліжэй падступаюць да дома ветэрана.

У вёсцы Заброддзе нас сустрэў адзіны на ўвесь Дзераўнянскі сельсавет ветэран вайны – Аляксей Сімакоў. Аляксею Іванавічу амаль 96, у доме яны ўдваіх з жонкай. Расказвае, што ўчора сын прывёз яго з Мінску, з бальніцы. Лячыўся там на працягу месяца. «Хадзіць стала лягчэй, лепш адчуваю сябе», – дзеліцца ветэран.

Прадстаўнік тэрытарыяльнага цэнтра тлумачыць Аляксею Іванавічу, што можна штогод аздараўлівацца ў санаторыі (у выпадку адмовы ад пуцёўкі ветэрану вайны выплачваецца кампенсацыя). Дадаткова да таго, што дзяржава забяспечвае ветэранаў дастойнай пенсіяй, ёсць магчымасць звярнуцца раз у год за аказаннем матэрыяльнай дапамогі. Да прыкладу, на набыццё лекаў, вырашэнне іншых пытанняў у складаных жыццёвых сітуацыях.

Ветэран вайны Іосіф Казлоўскі пражывае ў Пагарэлым разам з сынам і нявесткай. Усё ў гэтай сям’і дружна і хораша, да толку. Дамачадцы ўзнялі агульныя праблемы: уборка аварыйных дрэў на мясцовых могілках, а таксама вываз гаспадаркай сцёкаў, якія з гарыстай мясцовасці пападаюць з поля на іх участак.

Ветэран вайны і, адначасова, самы старэйшы жыхар вёскі Мікалаеўшчына Міхаіл Лосік (у сёлетнім чэрвені яму споўніцца 100 гадоў!) пражывае ва ўласным доме адзін. Яго сацыяльнае абслугоўванне ажыццяўляе ўнучка, якая жыве побач. Але і самастойна Міхаіл Міхайлавіч увіхаецца па гаспадарцы, чым выклікае здзіўленне і захапленне. Ветэран звярнуў увагу на сваю праблему: над домам працякае дах.

Усе пытанні, узнятыя ветэранамі, узяты на кантроль. Ім таксама пакінуты буклеты з указаннем тэлефонных нумароў тэрытарыяльнага цэнтра, па якіх заўсёды можна звярнуцца і атрымаць дапамогу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *