Уклад камунальнікаў у развіццё раёна

Главное Эканомiка

У дзень прафесійнага свята нельга не адзначыць шматпрофільнасць УП «Стаўбцоўскае АКС», якое ажыццяўляе дзейнасць і аказвае паслугі па 22 напрамках. Большасць з іх непасрэдна звязана з пытаннямі жыццезабеспячэння, падтрымання ў працаздольным стане жыллёвай і іншай інфраструктуры. Працуюць на прадпрыемстве людзі розных прафесій, з багатым вопытам, якія не баяцца цяжкасцяў і, зразумела, любяць сваю Стаўбцоўшчыну.

Іх любоў дзейсная, стваральная, таму што ўвасоблена ў канкрэтных справах, дзякуючы якім наш горад і сельскія населеныя пункты становяцца больш зручнымі і сучаснымі.

Мы пазнаёміліся з камунальнікамі-кветкаводамі, якія на даны момант заняты вырошчваннем у цяпліцы пасадачнага матэрыялу для клумбаў горада. Работа гэтая карпатлівая і фактычна кругласутачная, таму што для росту раслін неабходна падтрымліваць пастаянную тэмпературу паветра. З вясны і да позняй восені  кветкаводы і іншыя работнікі ўчастка «Зелянбуд» даглядаюць высаджаныя клумбы, займаюцца абрэзкай і пасадкай дрэў і кустоў, абкошваннем парку і вуліц раёна.

Кветкавод Святлана Багдановіч і начальнік участка Рэгіна Лянцэвіч задаволены ўсходжасцю і ростам кветкавай рассады

Значны ўклад у тое, каб Стаўбцоўшчына выглядала годна, уносяць і дзве брыгады ЖКГ – пад кіраўніцтвам Анатоля Покі і Аляксандра Ермаковіча. Анатоль Ізыдоравіч па выніках работы за мінулы год узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама.

– Абедзве брыгады – кампактныя і зладжаныя, універсальныя. У сярэднім за год яны ўкладваюць 7-8 тысяч м2 тратуарнай пліткі. Вызначыліся ў тым ліку на добраўпарадкаванні Дзераўной у рамках праекта «Вёска будучага», – дае ацэнку майстар Аляксандр Пятроўскі.

Напэўна, у раёне не знойдзеш такога аб’екта Стаўбцоўскага АКС, дзе б ні былі задзейнічаны гэтыя брыгады. Калі мы рыхтавалі матэрыял, брыгада Аляксандра Ермаковіча працавала на ўчастку ад вуліцы Цэнтральнай, 11, да вуліцы Калініна ў Стоўбцах (устройства пешаходных сувязяў з аўтастаянкамі), а брыгада Анатоля Покі акурат закончыла ўкладку тратуара на ўчастку вуліцы Сянкевіча і высадзілася на вуліцы Ленінскай райцэнтра (насупраць дома ЖБК «Жамчужына»).

Гэтая брыгада (сталяр Міхаіл Мардзіловіч, брыгадзір Анатоль Пока, муляр Сяргей Бабко і майстар Аляксандр Пятроўскі) у мінулым годзе брала ўдзел у пераўтварэнні Дзераўной у «вёску будучага»

– Аб’екты ў горадзе  маюць свае асаблівасці. Пад зямлёю знаходзіцца кабель, над зямлёю – элементы добраўпарадкавання, зялёныя насаджэнні, якія нельга пашкодзіць, – заўважае вопытны брыгадзір Анатоль Пока і тлумачыць, што менавіта дапамагае ім быць у перадавіках: – У нас працуюць усе, ніхто не стаіць.

Як падкрэсліў майстар Аляксандр Пятроўскі, абедзве брыгады могуць пахваліцца адсутнасцю цякучкі. Людзі працуюць па 7- 20 гадоў. У брыгаду прыходзяць навічкі, але неўзабаве сыходзяць. Сакрэт просты: не ўсе могуць вытрымаць брыгадны рытм, ударныя тэмпы. А яшчэ – і гэта немалаважна! – члены абедзвюх брыгад падтрымліваюць здаровы лад жыцця.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *