Калектыў раённага камбіната бытавога абслугоўвання працуе стабільна

Главное Эканомiка

Дзе жывуць традыцыі, дык гэта на раённым камбінаце бытавога абслугоўвання. І перш за ўсё яны – у стабільнасці кадраў. На гэтым робіць акцэнт у інтэрв’ю нашай газеце дырэктар Аляксандр Рубін. 

– Пачнем нашу размову пра цэх пашыву адзення, – расказвае Аляксандр Аляксандравіч. – Узначальвае калектыў Дома быту сапраўдны знаўца сваёй справы Аліна Бондарава. Арганізаваны пашыў камплектаў пасцельнай бялізны, шмат заказаў ад арганізацый і прадпрыемстваў на пашыў спецадзення. Вялікім попытам у пакупнікоў карыстаюцца спартыўныя курткі, вятроўкі і іншае верхняе адзенне з сучаснай тканіны, а таксама пледы, ручнікі. Прафесіяналы высокага класа – швачкі, краўцы з вялікім стажам Т.  Г. Герасіменка, В. Г. Трушч, М. І. Капуста, С. А. Васілеўская, І. Б. Спецыус. На раённым свяце працы, прысвечаным 80-годдзю раёна, швачка В. М. Коцікава прадстаўляла камбінат бытавога абслугоўвання  і атрымала заслужаную ўзнагароду.

У цырульні таксама працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы. Вялікі стаж работы ў Р. І. Уласік, А. П. Шыркоўскай. Нас радуе, што калектыў папоўніўся маладымі працаўнікамі – Наталляй Крэнь, Наталляй Рагалевіч, Вікторыяй Кобусь.

Лічыць кожную капейку – таксама навука. Гэтую працу выконвае вядучы бухгалтар М. У. Курыльчык. Стаж работы на камбінаце ў Марыі Уладзіміраўны складае 47 гадоў. Яна працягвае сямейную дынастыю: на камбінаце бытавога абслугоўвання некалі многія гады працаваў яе бацька. Вялікі стаж работы ў вядучага эканаміста А. М. Рэўтовіч. Яе работа не раз была адзначана кіраўніцтвам прадпрыемства і вобласці. Пасля заканчэння Навагрудскага каледжа прыехала на сваю радзіму маладая працаўніца, бухгалтар Вікторыя Борыс. Вялікай павагі заслугоўваюць таксама работнікі абутковай майстэрні і пральні, якія доўгі час працуюць на прадпрыемстве і паказваюць прыклад стараннасці іншым.

Вядучы бухгалтар Марыя Курыльчык, вядучы эканаміст Ала Рэўтовіч, майстар сельскіх комплексных прыёмных пунктаў Алена Пятровіч

– Аляксандр Аляксандравіч, чым адметная работа службы быту ў патрабаваннях дня?

– Акрамя гарадскіх падраздзяленняў працуюць сельскія комплексныя прыёмныя пункты ў вёсках Новы Свержань, Новая Вёска, аграгарадках Стары Свержань, Вішнявец, Шашкі, Дзераўная, Налібакі, Рочавічы, пасёлку Наваколасава, дзе насельніцтва можа звярнуцца з заказамі на бытавое абслугоўванне. Вялікі ўклад у развіцце камбіната ўносіць практыка выязнога гандлю, дзякуючы чаму прадукцыю Стаўбцоўскага швейнага атэлье набываюць на кірмашах у розных гарадах. Актыўна працуе ў гэтым напрамку майстар сельскіх комплексных прыёмных пунктаў А. М. Пятровіч. Адметнасць цяперашняга часу ў сферы бытавых паслуг – гэта патрэба самім ісці ў народ. Некаторыя прыёмшчыкі комплексных прыёмных пунктаў наведваюць вяскоўцаў у іх дома, прапануюць ім паслугі, знаёмяць з таварамі. Ініцыятыўна выконваюць свае абавязкі такія прафесіяналы сваёй справы, як  В. В. Аляшкевіч, Н. Н.  Цімашэнка, Г. Я. Амельчанка, Г. А. Слабодчыкава. Калектыў камбіната прапануе розныя паслугі, такія як хімічная чыстка адзення, дываноў, падушак, рамонт абутку, адзення, пашыў чахлоў на аўтамабілі, пашыў бялізны, індывідуальны пашыў па знятых мерках, продаж тавараў на комплексных прыёмных пунктах, а таксама прыём розных заказаў. Арганізаваны пры заключэнні дагавораў продаж тавараў з растэрміноўкай плацяжу на два месяцы ў адкрытых акцыянерных таварыствах у сельскай мясцовасці. Усе водгукі пра работу службы быту можна пакінуць па тэлефонах: 167, 7-40-38, 7-42-82.

З нагоды прафесійнага свята віншую ветэранаў і працаўнікоў сферы бытавога абслугоўвання і жадаю моцнага здароўя, поспехаў у працы, вернасці справе, далейшай дружнай і выніковай дзейнасці.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *