Своечасова закрыць вільгаць – быць з ураджаем

Главное Сельская гаспадарка

У ААТ «Вялікі Двор» палявыя работы разгарнуліся шырокім фронтам. Варта адзначыць, што таварыства з’яўляецца флагманам раёна па вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, цукровых буракоў і кукурузы, таму ўсе тэхналагічныя аперацыі выконваюцца тут своечасова і якасна.

– Да сяўбы ранніх збожжавых і зернебабовых культур прыступім пасля выхадных, а пакуль праводзім падрыхтоўчыя работы, – расказвае галоўны аграном Генадзій Бязушка. – Закрываем вільгаць, бо ў глебе яе нямнога, і на даны момант гэта самая галоўная работа. З ураджаем сёлета будзе той, хто здолее своечасова яе выканаць.

Задзейнічаны на гэтай тэхналагічнай аперацыі вопытны Уладзімір Пячонаў і яго маладыя калегі, два Яўгенія, Белюсь і Ражкоў. Падчас наведвання таварыства механізатары культывавалі глебу пад сяўбу зернебабовых культур. У адной звязцы з імі працуе і Генадзій Райскі, які адначасова вядзе і ворыва.

Галоўны аграном Генадзій Бязушка (справа) ставіць задачу механізатару Васілію Панкратаву

У ліку першых у гаспадарцы справіліся з падкормкай азімых збожжавых і рапсу, пасевы якіх выйшлі з зімоўкі ў выдатным стане. Шчыраваў на палетках механізатар Анатолій Сцефаноўскі, падвозіў мінеральныя ўгнаенні вадзіцель Аляксандр Еўтух. Мінеральныя тукі, калійныя і фосфарныя, ўнеслі пераважна восенню. Працавалі і зімой, балазе, надвор’е дазваляла. Асабліва радуе вока рапс, якога высявалі некалькі гібрыдаў і затым апрацавалі ўсходы фунгіцыдамі і рэтардантамі.

Яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры зоймуць у гаспадарцы звыш 480 гектараў. Першым пасеюць ячмень, які размесціцца на 350 гектарах. Перавага надаецца і аднагадовым.

Сяўбу пачалі са шматгадовых траў. На палетках ля Новай Вёскі шчыраваў на трактары «Беларус» з сеялкай СПУ-6  Васілій Панкратаў. Генадзіў Генадзьевіч адзначае, што механізатар вельмі адказна аднёсся да рамонту сеялкі і падрыхтаваў яе проста выдатна.

Механізатары Уладзімір Пячонаў, Леанід Ражкоў і Леанід Белюсь

– Перазалужаем травы, высяваем канюшыню у сумесі з цімафееўкай, – працягвае размову галоўны спецыяліст. – Стаўка робіцца на травяныя кармы, таму прыкладаем старанні, набываем перспектыўныя віды траў. У прыватнасці, на 50 гектарах сёлета пасеем шматкампанентную райграсавую сумясь.

Пад яравую сяўбу ў таварыстве нарыхтавана і будзе ўнесена ў глебу звыш 58 тысяч тон арганічных угнаенняў. На адзін гектар ворыва прыпадзе звыш 22 тон. Гумус у глебе з году ў год павялічваецца, што пацвярджаюць аграхімічныя абследаванні. На ўнясенні кампостаў заняты Сяргей Сенька, які штогод сее збожжавыя і сёлета будзе задзейнічаны на гэтай рабоце. На пагрузчыку шчыруе Мікалай Тарабэш. Забяспечанасць мінеральнымі тукамі адна з самых высокіх сярод гаспадарак раёна.

З сяўбой усіх яравых культур у гаспадарцы плануюць справіцца своечасова і пасеяць якасна.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *