Прайшоў з баямі па Усходняй Прусіі

Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное

Праект «Вайна. Памяць. Перамога»

Міхаіл Лосік не любіць успамінаць пра вайну. Больш – пра басаногае дзяцінства, калі ён, мікалаеўшчынскі хлопец, пасвіў кароў, лавіў у Нёмане рыбу. Бацькі мелі свой зямельны надзел, з якім было шмат працы, але гэта на ўсё жыццё засталося добрым успамінам.

У Міхаіла Міхайлавіча не проста жыццё, а – век. У чэрвені шаноўнаму ветэрану вайны споўніцца 100 гадоў!

У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, Міхаіл Лосік запісаўся ў рады Чырвонай арміі. Быў радавым 200-га Нёманскага асобнага сапёрнага батальёна 192-й стралковай дывізіі. Прайшоў з баямі па Усходняй Прусіі, дзе атрымаў раненне. Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі. За мужнасць і адвагу ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, медалямі «За адвагу» і «За ўзяцце Кёнігсберга», ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені.

Пасля вайны Міхаіл Лосік будаваў дамы. Рукі ў яго працавітыя, усё ўмеюць. Ён і сёння, не зважаючы на ўзрост, сам ходзіць у магазін, варыць есці, паліць у печцы. «Напячэ бліноў і мяне кліча частавацца», – кажа нявестка Людміла Анатольеўна, дом якой знаходзіцца на адным пляцы з домам Міхаіла Міхайлавіча. Разам з жонкай ён выгадаваў двух сыноў, але лёс склаўся так, што аднаго ўжо няма ў жывых… У дзядулі  ёсць дзесяць унукаў і праўнукаў.

– Слых мяне падводзіць, – кажа пра сябе Міхаіл Міхайлавіч, – а так імкнуся  ўсе свае побытавыя пытанні вырашаць самастойна, па-гаспадарску.

Самае галоўнае пажаданне, якое ветэран перадаў усім жыхарам Стаўбцоўшчыны, – быць здаровымі, жыць у міры і згодзе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *