Бульба ў мундзірах для ахвяр гета

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

Праект «Вайна. Памяць. Перамога»

Стаўбчанцы Алімпіядзе Грамыка ў 1941-м, калі немцы знішчалі ў гета мясцовых яўрэяў, было ўсяго 13… Падлетак, але яна запомніла падрабязнасці, якія і сёння не можа прыгадваць без слёз…

– У вайну мы жылі на хутары за вёскай Сцяцкі. Побач з хутарам быў хвойнічак, балотца… – дзеліцца ўспамінамі Алімпіяда Іосіфаўна. – Мой бацька, Жыбуль Іосіф, працаваў да вайны загадчыкам гаспадаркі ў бальніцы, таму ведаў многіх урачоў. Большасць з іх была яўрэйскай нацыянальнасці.

Калі пачалася вайна і ў Стоўбцах з’явіліся немцы, яўрэйскія сем’і сталі пакідаць горад. Многіх немцы схапілі і змясцілі ў гета на ўскраіне Стоўбцаў, дзе цяпер вуліца Гагарына. На наш хутар заходзілі тыя, хто хацеў схавацца, перачакаць, каб ноччу ісці далей. Жылі мы небагата (у сям’і было пяцёра дзяцей), але мама варыла бульбу ў мундзірах і давала ім з сабою ў дарогу.

Сямейная пара ў гады маладосці

Аднойчы бацька сказаў, што ў Стоўбцах разбамбілі склад з соллю і паслаў нас, дзяцей, набраць у запас гэтага прадукту. Солі мы не набралі, але ўбачылі, як немцы гналі палонных чырвонаармейцаў. Гналі і падганялі плёткамі. Мясцовыя жыхары, якія бачылі гэтую карціну, кідалі палонным хлеб. Памятаю, адзін салдацік надрыўна крычаў у натоўп: «Людзі! Можа, тут ёсць мая мама?..»

У нас на хутары, у гумне, працяглы час хавалася яўрэйская сям’я Абштэйн. Потым яна вырашыла сыходзіць, калі ўбачыла, што па гасцінцы ў бок Засулля рухаюцца немцы. Пазней бацькі даведаліся, што гэтую сям’ю немцы затрымалі і таксама змясцілі ў гета. Ім я перадавала праз адмысловы лаз малако, бульбу… А іх сыну ўдалося ўцячы з гета. Пасля вайны ён шукаў бацькоў – прыслаў майму тату пісьмо з Амерыкі. Але бацькі ўжо не было ў жывых, ды і час быў такі, што падтрымліваць сувязь з замежжам было забаронена.

Мясцовых жыхароў, у тым ліку і майго бацьку, немцы прымушалі капаць ямы, у якія закопвалі расстраляных яўрэяў (расстрэлы былі  недалёка ад Стоўбцаў, дзе цяпер узведзены мемарыяльны помнік у гонар загінулых). Стрэлы былі чутныя на нашым хутары… Аднойчы бацька не змог пайсці і паслаў мяне… Было так вусцішна, таму што немцы толькі злёгку прысыпалі расстраляных людзей і потым праехаліся па іх машынай. Зямля здавалася патрэсканай, шавялілася… Гэты жах забыць немагчыма…

Дзіця вайны Алімпіяда Грамыка ўспамінае і свайго мужа-франтавіка, Грамыку Аляксандра Іванавіча (светлай памяці). Яны раслі па суседстве, і Аляксандр Іванавіч сябраваў з яе старшым братам. Тады і запрыкмеціў сабе будучую жонку.

А на фронт папаў у 16, дабавіўшы сабе два гады. Радавы 628-га стралковага палка дастаўляў сакрэтную пошту. Ва Усходняй Прусіі яго цяжка параніла: асколкам пашкодзіла нагу. Але ён, не зважаючы на боль, усё роўна даставіў пошту. Быў узнагароджаны ордэнам «За адвагу», а частка асколка, які засеў у назе, так і засталася на ўсё жыццё.

Пасля вайны Аляксандр Грамыка праходзіў вучобу ў школе міліцыі ў г. Нальчыку. Потым вярнуўся ў Беларусь. Ажаніўся з Алімпіядай Іосіфаўнай. У іх нарадзіліся двайняты – дачка і сын. Здароўе падарвала вайна, і ўспаміны пра баі, раненне і кантузію былі для яго цяжкімі і маўклівымі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *