ІДУЦЬ ВЫПУСКНЫЯ ЭКЗАМЕНЫ
У мінулую суботу ў школах раёна прагучаў апошні школьны званок.
У панядзелак, 2 чэрвеня, адзінаццацікласнікі, згодна з раскладам, здавалі пісьмовы экзамен – беларускую мову, рускую мову і матэматыку. У аўторак дзевяцікласнікі таксама пісалі пісьмовы экзамен па тых жа прадметах, згодна з зацверджаным графікам здачы выпускных іспытаў.
Апошні экзамен у нашым раёне адбудзецца 11 чэрвеня. 19 выпускнікоў сярэдняй школы з’яўляюцца прэтэндэнтамі на атрыманне залатых і сярэбраных медалёў, 35 выпускнікоў базавай школы – на атрыманне пасведчання асобага ўзору.
Пажадаем выпускнікам паспяховай здачы іспытаў.
ПРЭМІІ ЛЕПШЫМ ВУЧНЯМ
Радасць урачыстасці з нагоды заканчэння навучальнага года з вучнямі і педагогамі Цясноўскай сярэдняй школы імя Ф. Э. Дзяржынскага раздзялілі прадстаўнікі прафсаюзнага камітэта работнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на чале са старшынёю прафсаюзнага камітэта Рыгорам Сакаўцом.
Як і заўсёды, даўнія сябры навучальнай установы прыехалі не з пустымі рукамі. Яны цёпла павіншавалі вучняў і педагогаў са святам апошняга званка і ўручылі прэміі лепшым вучням школы, хто з’яўляецца лідарам у грамадскім жыцці, спартыўных і культурна-выхаваўчых мерапрыемствах. Прэміі атрымалі адзінаццацікласнікі Яўген Семяннік, Анастасія Ліпніцкая і пяцікласніца Віарыка Дзеніс.
У гэтым годзе ў Цясноўскай школе выпускныя экзамены трымаюць 12 адзінаццацікласнікаў.