Як не трэба працаваць

Афіцыйна Нумары Сельская гаспадарка

У мінулую пятніцу адбылася рабочая паездка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры ў наш раён. Кіраўнік вобласці пабываў на сельскагаспадарчых вытворчых аб’ектах, асабіста пазнаёміўся са станам спраў, а затым правёў нараду з выездам на гэтыя аб’екты. Да ўдзелу ў ёй былі запрошаны адказныя асобы аблвыканкама і старшыні раённых выканаўчых камітэтаў Мінскай вобласці.

Адбылося наведванне малочнатаварнай фермы “Жацерава” аднайменнага сельскагаспадарчага кааператыву. Была звернута ўвага прысутных на ўмовы ўтрымання жывёлы, яе кармленне, нарыхтоўку зялёных кармоў,  культуру вытворчасці,  стан унутрыгаспадарчых дарог і на многае іншае.

Рэзкай крытыцы Сямён Шапіра падверг якасць нарыхтоўкі і захавання сянажнай масы. Доктар эканамічных навук, які мае багатую практыку работы ў сельскагаспадарчай вытворчасці, з болем гаварыў і паказваў той нізкаякасны корм, які тут даюць жывёлам. Як эканаміст, тэарэтык і практык, Сямён Шапіра рэзюмаваў, што пры такім кармленні атрымаць добры вытворчы вынік немагчыма. І гэта ў перыяд “вялікага” малака.

Не засталіся незаўважанымі губернатарам мінулагоднія скірды саломы на засаджаных і засеяных палях. Сямён Шапіра тут жа падлічыў: восем скірдаў занялі вытворчую плошчу, з якой можна было б дадаткова мець 16 тон цукру. Вось яна – простая арыфметыка.

У ААТ “Вішнявецкі-агра” ўдзельнікі рабочай паездкі пабылі на новым сучасным малочнатаварным комплексе, парадак на якім далёкі ад патрэбных нормаў.

Свае заўвагі, вывераныя эканамічна падмацаванымі довадамі, губернатар зрабіў і ля сянажнай ямы. Пры гэтым звярнуў увагу на тэрміны закладвання сенажу, на захаванне тэхналогіі, на дрэнны стан дарог, па якіх тэхніка губляе  час і паліва і тэхнічна зношваецца.

Падчас рабочай паездкі была звернута ўвага не толькі на тыя сур’ёзныя моманты ў сельскагаспадарчай вытворчасці, паспяховы вынік якіх залежыць ад многіх і  суб’ектыўных,  і аб’ектыўных фактараў, але і на факты, якія патрабуюць элементарнай гаспадарлівасці, нераўнадушнага сэрца. Напрыклад, на не адкрытыя да гэтай пары ў жывёлагадоўчых памяшканнях вокны, на ненарошчаныя барты грузавых машых, занятых  на адвозцы зялёнай масы.

Крытычная абстаноўка з кармленнем жывёлы і захаванасцю статка ўзнікла на свінакомплексе.

У працэсе рабочай паездкі губернатар звяртаў увагу кіраўнікоў на тое, як не трэба працаваць, указваў на падобныя недахопы, якія маюць месца ў іншых раёнах. Адчувалася, што старшыня аблвыканкама дасканала валодае сітуацыяй па кожным з раёнаў. Што ж датычыць Стаўбцоўскага, то было паднята пытанне аб адхіленні ад займаемых пасад адказных кіраўнікоў раёна і гаспадарак.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *