У ААТ «Агранёманскі» высяваюць новыя сарты і рэалізуюць эліту

Важное Сельская гаспадарка

Хлебаробы ААТ «Агранёманскі» ў ліку першых у раёне пачалі сяўбу ранніх яравых збожжавых культур.

Па стане на 23 сакавіка было пасеяна 79 гектараў аўса. Сёлета даная культура зойме ў гаспадарцы плошчу 100 гектараў. Падчас нашага наведвання таварыства механізатар Дзмітрый Сагайдакевіч разам з памочнікам Станіславам Міхаленем шчыравалі на 45-гектарным полі за Ператокамі. Высявалася суперэлітнае насенне беларускай селекцыі «фрыстайл». Дарэчы, сёлета пасеюць і набыты новы сярэдняспелы сорт «шанц». На падвозцы і загрузцы насення заняты вадзіцель Віктар Сацура.

Сёлетняя пасяўная своеасаблівая, вільгаці ў глебе не так і многа, таму прыкладаюцца намаганні, каб своечасова яе закрыць. На гэтай рабоце былі заняты Віктар Семянько, Аляксей Каранеўскі і Арцём Дарашэвіч, якія працавалі на трактарах з культыватарамі. Вопытны Казімір Дамброўскі рупіўся з плугамі, заворваў арганічныя ўгнаенні. Дарэчы, у таварыстве назапашана 67 тысяч тон арганікі, і ўся яна практычна ўнесена ў глебу.

Аграном-насеннявод Аляксандр Булаш (справа) дае даручэнні Дзмітрыю Сагайдакевічу, Станіславу Міхаленю і Віктару Сацуру

Гэтымі днямі працаўнікі прыступаюць да масавай сяўбы. На чарзе – ячмень, які размесціцца на 650 гектарах. Сёлета набыта насенне гадавальнікаў размножвання «аванс» і «добры». Адначасова ўсё насенне пратручваецца. Паступова рэалізуецца эліта гаспадаркам раёна і за яго межы.

Вядзецца ў таварыстве падкормка азімых збожжавых культур і рапсу, якія няблага выйшлі з зімоўкі. Рупяцца Аляксей Пальчык і Уладзімір Астахновіч, якія працуюць на спецыяльных самаходных апырсквальніках «Раптар» і «Раса».

Справіцца з сяўбой ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур разлічваюць у сціслыя тэрміны, каб затым своечасова пачаць і завяршыць сяўбу прапашных культур – кукурузы і цукровых буракоў, якія зоймуць у севазвароце адпаведна 920 і 350 гектараў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *