Папулярнасць «Праменя» пацвердзілі падпісчыкі

Важное Соцыум

У гарадскім аддзяленні сувязі прайшла акцыя – абласны і раённы дзень падпісчыка. Сярод розных перыядычных выданняў нязменным попытам карыстаўся «Прамень». На працягу акцыі 41 падпісчык выпісаў нашу газету на ІІ квартал 2020 года.

Вялася падпіска ва ўсіх аперацыйных вокнах і непасрэдна ў зале для кліентаў, дзе было арганізавана рабочае месца аператара паштовай сувязі. Кожнаму падпісчыку рэдакцыя газеты «Прамень» прапаноўвала ў падарунак кішэнны каляндарык, а пошта – часопісы на выбар. Былі падарункі і ад газеты «СБ. Беларусь сегодня».

Начальнік участка паштовай сувязі Марына Петух прапануе падпісчыку Анатолю Жылко часопіс у падарунак

Падчас акцыі рэдакцыя «Праменя» выкарыстала магчымасць пагутарыць са сваімі чытачамі, даўнімі і новымі сябрамі, выслухаць іх ацэнку і пажаданні газеце. Мы пастараемся ўлічыць іх у сваёй рабоце, каб і надалей напаўняць газетныя старонкі разнастайнымі цікавымі матэрыяламі, якія будуць даваць адказы на надзённыя пытанні жыхароў раёна, дапамагаць у вырашэнні праблем, абнадзейваць і матываваць.

Стаўбчанін Аляксандр Супрун выпісаў газету і – атрымаў прыз

Традыцыйна напрыканцы дня падпісчыка прайшла латарэя-розыгрыш пяці бясплатных экзэмпляраў квартальнай падпіскі на газету «Прамень». Сярод тых, хто аказаўся ўдачлівым на гэты раз, – стаўбчане Т. І. Ельяшэвіч (завулак Гайдука), Г. Б. Зянько (вуліца Савецкая), Г. А. Матусевіч (вуліца Міру, 9), В. Л. Канкаловіч (вуліца Каліноўскага, 21), а таксама жыхар вёскі Ператокі С. М. Навіцкі. Віншуем пераможцаў і жадаем быць заўсёды актыўнымі, ініцыятыўнымі, шчаслівымі. З нашай газетай вы ніколі не адчуеце сябе адзінокімі і будзеце ў курсе ўсіх падзей на Стаўбцоўшчыне!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Ад рэдакцыі: нагадваем, што да заканчэння падпіскі на раённую газету на ІІ квартал 2020 года засталіся лічаныя дні. Паспяшайцеся на пошту або запрасіце да сябе паштальёна!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *