Працаўнікоў ААТ «Рубяжэвічы» ўзнагародзілі падзячнымі пісьмамі і прэміямі

Главное Сельская гаспадарка

У рамках акцыі «Наш жывёлавод» Мінскі абласны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагародзіў падзячнымі пісьмамі і прэміямі добрасумленных працаўнікоў ААТ «Рубяжэвічы».

Уручыла ўзнагароды галоўны бухгалтар абкама прафсаюза Ларыса Кучура, якая адзначыла, што акцыя праводзіцца ўжо на працягу трох гадоў і яе мэта – падняць прэстыж нялёгкай прафесіі жывёлавода і натхніць работнікаў на дасягненне яшчэ больш высокіх паказчыкаў. Ларыса Аляксандраўна падзякавала дбайным жывёлаводам за плённую штодзённую працу і за вернасць выбранай прафесіі.

Галоўны бухгалтар Ларыса Кучура ўручае ўзнагароды (злева направа) Людміле Патоцкай, Алене Мардзіловіч і Вользе Голышавай

У ліку адзначаных – аператар машыннага даення Вольга Голышава. Вольга Уладзіміраўна шчыруе ў гаспадарцы трынаццаты год і пастаянна дабіваецца высокіх паказчыкаў. Такі ж стаж работы мае яе калега  Людміла Патоцкая. Дзесяць гадоў адпрацавала Алена Мардзіловіч.

Падзякі і падарункі за сумленную працу атрымалі ад кіраўніцтва і прафсаюзнага камітэта сельгаставарыства аператары машыннага даення Ядвіга Сяліцкая і Інеза Раманоўская, аператары па вырошчванні цялят Алена Лабоцкая і Леакадзія Ермаковіч, аператар па дарошчванні цялят Валерый Мардзіловіч.

Ядвіга Сяліцкая, Алена Лабоцкая, Валерый Мардзіловіч, Леакадзія Ермаковіч і Інеза Раманоўская

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч падкрэсліла, што за апошні год жывёлаводы таварыства прыбавілі ў вытворчасці малака і займаюць сярод гаспадарак раёна дзявяты радок у рэйтынгавай табліцы. У сакавіку штодзённы надой у сярэднім ад кожнай каровы складае 14,7 кілаграма малака, прыбаўка да мінулагодняга паказчыка – больш за 1,6 кілаграма. Ад агульнай колькасці малака, якое пастаўляецца перапрацоўшчыкам, 98 працэнтаў залічваецца гатункам экстра. Таварнасць прадукцыі складае 90,8 працэнта. Тамара Іосіфаўна пажадала прысутным і ў далейшым прырастаць у вытворчасці малака і мяса, каб паспяхова ажыццявіць намечаныя кіраўніцтвам планы. Ад райкама прафсаюза яна ўручыла падарунак калектыву МТФ «Новыя Рубяжэвічы».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *