На Стаўбцоўшчыне будзе свабодная эканамічная зона

Афіцыйна Главное

image_pdfimage_print

У калектыве ААТ «Навасвержанскі лесазавод» прайшоў дзень інфармавання з удзелам старшыні райвыканкама Дзяніса Колясеня. Размова ішла аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, другое пытанне – прафілактыка наркаманіі. З інфармацыяй выступілі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч і начальнік райаддзела міліцыі Аляксандр Каратыш. 

Падчас сустрэчы з работнікамі Навасвержанскага лесазавода

У сваім выступленні Ірына Пашкевіч удзяліла ўвагу пытанням рэгіянальнага развіцця Міншчыны (на фоне іншых абласцей Беларусі Міншчына мае найбольшы рост унутранага валавога прадукту, выступае разам з горадам Мінскам цэнтрам дзелавой актыўнасці), але ў большай ступені – Стаўбцоўшчыны, дзе мы жывём і працуем.

На даны момант распрацоўваецца канцэпцыя развіцця раёна на 2021–2025 гады, асноўнай мэтай якой з’яўляецца павышэнне якасці жыцця, дабрабыту людзей. Дасягнуць гэтага дапамогуць стварэнне новых рабочых месцаў, рост інвестыцый, павышэнне якасці прадукцыі і яе канкурэнтаздольнасці, развіццё сельскіх населеных пунктаў і стварэнне камфортных умоў для пражывання.

Для павышэння інвестыцыйнай прывабнасці Стаўбцоўшчыны і адкрыцця новых вытворчасцяў плануецца арганізаваць у прыгарадзе Стоўбцаў свабодную эканамічную зону. Разглядаюцца два варыянты размяшчэння такой прамысловай пляцоўкі. Акрамя таго, ёсць задумка стварыць эканамічны кластар у Наваколасаве, на тэрыторыі былой воінскай часці, перададзенай раёну Міністэрствам абароны. Гэта 70 га зямлі, з іх 42,5 га могуць быць выкарыстаны як прамысловая зона.

У сельскай гаспадарцы працягваецца перааснашчэнне і стварэнне сучасных даільных зал, будуюцца новыя жывёлагадоўчыя памяшканні. Што тычыцца будаўніцтва жылля, штогод у раёне здаюцца ў эксплуатацыю ў сярэднім 100 кватэр. З інвестпраектаў – узвядзенне ў райцэнтры ў 2020 годзе школы на 720 месцаў, а таксама рэканструкцыя будынка былой казармы для размяшчэння Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Вядзецца работа па падборы памяшкання для раённага краязнаўчага музея.

– Сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна – гэта асноўная задача вертыкалі ўлады і кожнага занятага ў вытворчасці, – падвёў вынік Дзяніс Колясень.

Старшыня райвыканкама не мог не звярнуць увагу на такую злабадзённую тэму, як распаўсюджванне ў свеце каранавіруса. «Мы павінны спакойна працаваць, каб развіваць свае прадпрыемствы, захаваць тое, што намі ўжо дасягнута», – падкрэсліў старшыня.

У асвятленні пытанняў прафілактыкі наркаманіі Аляксандр Каратыш станоўча ацаніў работу суб’ектаў прафілактыкі на тэрыторыі раёна: «План у гэтым напрамку дастаткова аб’ёмны, яго мерапрыемствы рэалізуюцца на нядрэнным узроўні. Сітуацыя з наркаманіяй застаецца падкантрольнай».

Пра гэта сведчыць і змяншэнне колькасці злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў. Калі ў 2018 годзе іх у раёне было 10, то ў 2019-м – шэсць. Два злачынствы зарэгістраваны ў бягучым годзе. Пераважна яны звязаны з захоўваннем і набыццём наркатычных сродкаў праз інтэрнэт-пляцоўкі. Узрост асоб, якія прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, – 24–40 гадоў. Зафіксаваны факт прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення. У раёне на даны момант 21 асоба з дыягназам «наркаманія» знаходзіцца пад наглядам урача-нарколага.

У Новым Свержані праблема наркаманіі мае месца, таму нядзіўна, што прагучала пытанне: «Колькі асуджаных па гэтым артыкуле будзе амнісціравана ў сувязі з лібералізацыяй закона?» Пакуль гэтыя даныя на ўзроўні раённых службаў невядомыя. Урок для ўсіх – быць пільнымі ў адносінах да сваіх дзяцей, унукаў, бо менавіта школьнікі, студэнты адносяцца да найбольш неабароненых катэгорый у плане наркаманіі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *