«Свет жанчыны». З клопатам аб скуры твару

Важное Свет жанчыны Спецвыпускі «Праменя»

У наш час існуюць розныя сродкі па доглядзе твару. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца маскі. Іх усё больш і больш, хочацца паспрабаваць усе! І ў такім выпадку ўзнікае шмат пытанняў. Пастараліся разабрацца ў некаторых з іх з Дар’яй Крамко, якая ў эстэтычнай касметалогіі больш за пяць гадоў.

–       Ці праўда, што маскі для твару дапамагаюць справіцца з узроставымі зменамі, напрыклад глыбокімі маршчынамі?

–       Не. Маскі – сродкі дадатковага догляду. Яны наносяцца на 10-20 хвілін і аказваюць уздзеянне толькі на паверхневы слой скуры – эпідэрміс. З сур’ёзнымі задачамі маскі не справяцца. Тут неабходны іншыя методыкі.

–       Чым адрозніваюцца маскі для салоннага і дамашняга догляду?

–       Складам і канцэнтрацыяй рэчываў. Канцэнтрацыя рэчываў у прафесіянальнай масцы значна вышэйшая, чым у звычайнай. Прафесіянальную маску не купіш у звычайным магазіне.

–       Ці можна падабраць маску для дамашняга догляду самастойна або лепш пракансультавацца са спецыялістам?

–       Дамашнія маскі будуць дзейнічаць толькі тады, калі яны падабраны правільна і не «спрачаюцца» з асноўнымі сродкамі для догляду. Напрыклад, ёсць інгрэдыенты, якія прыглушаюць дзеянне адзін аднаго. Маскі лепш выкарыстоўваць па пэўнай схеме, якую для вас распрацаваў дэрмакасметолаг.

–       Чым лепш наносіць маскі?

–       Спецыяльнымі лапаткамі ці пэнд-злікамі. Калі флакон без дазатара, не трэба браць сродак пальцамі. Сачыце за тым, каб слоічкі былі моцна закрыты і ў іх не трапіла вільгаць.

–       Ці існуюць універсальныя маскі, якія падыдуць любому тыпу скуры?

–       Універсальныя маскі існуюць. Але нават у іх можа быць кампанент, які прывядзе да негатыўнай рэакцыі. Трэба ўважліва чытаць склад. Пры любым тыпе скуры можна карыстацца сродкамі з гіялуронавай кіслатой і вітамінным комплексам. Ад цёмных кругоў маскі з кафеінам стымулююць кровазварот і памяншаюць ацёкі.

–       Як правільна наносіць маску?

–       Перад нанясеннем маскі скура павінна быць злёгку вільготнай, але не мокрай – іначай састаў пацячэ. Пасля ачышчэння карысна зрабіць лёгкі масаж твару. Усе маскі для догляду скуры твару наносяцца па адной схеме (па дыяганалі): ад шыі да мочкі вушэй, ад вугалкоў вуснаў да сярэдзіны вушной ракавіны, ад пераносся да скроняў, ад скроняў да сярэдзіны лба. Пазбягайце абласцей вакол вачэй: у гэтых месцах скура вельмі тонкая і мае патрэбу ў спецыяльных сродках больш вадкай кансістэнцыі. Тое ж самае датычыць і скуры вуснаў.

– Чаму так важна трымаць маску пэўны час?

– Напрыклад, калі напісана, што трэба яе наносіць на 15-20 хвілін, прытрымлівайцеся гэтага. Як толькі маска высыхае, яна больш ніякай карысці не нясе, а часам можа нават нашкодзіць. Калі маска высахла, тады страчваецца вільгаць са скуры. Так, напрыклад, для чуллівай скуры гэта можа стаць вынікам алергічных высыпанняў і раздражненняў. У такім выпадку атрымліваецца не карысць, а шкода. Вось таму так важна, каб маска ўвесь час заставалася ўвільготненай. Толькі тады яна працуе на вынік.

–       А як змываць маску?

–       Прынята змываць яе звычайнай вадой. Таксама не рэкамендуецца выкарыстоўваць мыла. Пры сухім тыпе скуры ўмывацца трэба цёплай вадой, пры тлустым – халаднаватай. Пасля зняцця маскі трэба нанесці на твар крэм для ўвільгатнення. Нельга выкарыстоўваць сродкі, якія ўтрымліваюць спірт. Ён хутка звузіць поры, і эфект ад працэдуры будзе страчаны.

Дар’я Крамко раіць пры доглядзе скуры твару прытрымлівацца наступных рэкамендацый: правільны дамашні догляд; наносіць крэм на твар раніцай за 40 хвілін да выхаду, вечарам – мінімум за гадзіну да сну; любыя крэмы наносіць на чыстую скуру; піць больш вады.

Марына КУТАС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *