Сёння на Стаўбцоўшчыне стартавала рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу-2020». Удзел у ёй прынялі і супрацоўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам кіраўніка Андрэем Кунцэвічам. Непадалёку ад Смольні, дзе знаходзіцца філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Стаўбцоўскім лясгасам была падрыхтавана дзялянка плошчай 2,7 га. Сімвалічна, што пасадка лесу на ёй пачалася пасля экскурсіі ў музей. У Смольні гасцей вітаў знакаміты калектыў «Коласавы землякі».
Удзельнікі Тыдня лесу-2020 высаджвалі два віды сеянцаў — сасны і бярозы. Стаўбцоўскі лясгас забяспечыў іх спецадзеннем, правёў інструктаж і пачаставаў бярозавым сокам. Сонечнае надвор’е спрыяла не толькі плённай працы, але і цудоўнаму настрою.
Усе, з кім давялося пагутарыць, адзначалі духоўнае значэнне данай акцыі, магчымасць для кожнага з нас унесці асабісты ўклад у тое, каб родны край станавіўся больш зялёным і прыгожым.
Да Тыдня лесу-2020 далучылася і кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Дзянісам Колясенем.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара