З любоўю да ветэранаў

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі пачата  акцыя выплаты матэрыяльнай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У нашым раёне гэта акцыя пачалася ўрачыстасцю ў Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў і інвалідаў  вайны і працы.

На сустрэчу з паважанымі ў нашым грамадстве людзьмі прыехалі прадстаўнікі многіх службаў. Кіраўніцтва сацыяльнай установы на чале з дырэктарам Валянцінай Атрушкевіч паклапаціліася дастойна падрыхтаваць гэту ўрачыстасць. Ветэраны былі запрошаны ў прыбраную залу за святочны салодкі стол. Усе яны ўжо ў шаноўным узросце, многія змаглі прыйсці ў залу толькі з дапамогай суправаджаючых, хтосьці з іх – у інваліднай калясцы. Час бяжыць, застаюцца  сярод нас адзінкі з тых, хто вынес вайну на сваіх плячах, хто аддаў за мір і свабоду сваё здароўе.

Прывітаць ветэранаў, сказаць ім удзячнае слова, павіншаваць з надыходзячай вялікай датай, якую яны падарылі нам, прыехалі начальнік упраўлення па працы, занятасці, сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко і спецыялісты ўпраўлення, намеснік раённага ваеннага камісара Аляксандр Чаура, дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Ранцюк і валанцёры цэнтра, прадстаўнікі РУП «Белпошта». У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня Мінскай абласной натарыяльнай палаты Алена Грынкевіч і загадчык натарыяльнай канторы Стаўбцоўскага раёна Тамара Галоўка для правядзення бясплатных юрыдычных кансультацый.

Прывітальным словам сустрэчу адкрыла Наталля Лапко. Яна пазнаёміла прысутных з той праграмай, якая ажыццяўляецца дзяржавай па ўшанаванні ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Са словам да шаноўнай аўдыторыі звярнуўся намеснік камісара райваенкамата Аляксандр Чаура. Адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння медалёў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Эдуарду Сімінскаму, Кірылу Усовіку і Мікалаю Чыгрыняцу, працаўніцы тылу Веры Дзянісавай, вязням фашысцкіх лагераў і месцаў прымусовага  ўтрымання Еўдакіі Аўрашка, Софіі Асомчык, Лізавеце Алейнікавай, Міхаілу Кораню, Міхаілу Забелу, Сцяпану Назаранку.

Прадстаўнікі РУП «Белпошта» ў сваю чаргу таксама цёпла павіншавалі ветэранаў і ўдзельнікаў вайны і выканалі прыемную місію ўручэння да юбілею вызвалення Беларусі матэрыяльных дапамог. Акрамя адзначаных ветэранаў, дапамогі атрымалі  Аляксандра Шавель, якой споўніўся 101 год, і Аляксей Посах, якія адносяцца да катэгорыі сем’яў загінуўшых.

Валанцёры раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва падарылі ветэранам сваю любоў. Дзяўчаты ўручылі ім кветкі і падарункі, зробленыя дзецьмі-інвалідамі і маладымі інвалідамі, якія наведваюць аддзяленне дзённага прабывання ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання.

Ва ўсіх значымых грамадскіх акцыях і мерапрыемствах удзельнічаюць члены грамадскага аб’яднання «Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».  Настаўнік Любкаўшчынскай СШ, воін-інтэрнацыяналіст Міхаіл Мамайка, які мае баявыя ўзнагароды, таксама сардэчна, па-сыноўняму цёпла, з нізкім паклонам звярнуўся да ветэранаў. Ён выканаў аўтарскія песні, прадэкламаваў вершы, тэматыка якіх была прасякнута патрыятычнымі матывамі.

З удзячным словам да ветэранаў, якія пражываюць у доме-інтэрнаце, да прысутных, якія сагрэлі пажылых людзей цяплом свайго сэрца, звярнулася дырэктар  дома-інтэрната Валянціна Атрушкевіч. Яна пазнаёміла прысутных з умовамі, што створаны дзяржавай і клапатлівымі рукамі абслуговага персаналу сацыяльнай установы для ветэранаў вайны і працы, якія падарылі наступным пакаленням мір, спакой у нашай дзяржаве.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *