Саракавая пасяўная Вячаслава Ермаковіча

Важное Сельская гаспадарка

Перад хлебаробамі ААТ «Вішнявецкі-агра» пастаўлена задача пасеяць раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры на плошчы 570 гектараў. Працаўнікі першымі ў раёне прыступілі да сяўбы, але гэтую работу, як і іх калегам з іншых гаспадарак, пакуль стрымліваюць начныя замаразкі.  Аднак сонейка прыгравае, і ў пасляабедзенны час сейбіты выводзяць тэхніку на палеткі.

Недалёка ад вёскі Мархачоўшчына шчыраваў на магутным энерганасычаным трактары з камбінаваным пасяўным агрэгатам механізатар Віталій Шода. Віталій Анатольевіч – вопытны сеяльшчык, рупіцца ў гаспадарцы васямнаццаць гадоў. Яму давяраюць самыя адказныя тэхналагічныя аперацыі. Дбайны працаўнік неаднаразова выходзіў пераможцам раённага і абласнога спаборніцтваў на выкананні розных палявых работ. Яго фотаздымак змяшчалі на раённую Дошку гонару.

Брыгадзір Вячаслаў Ермаковіч (злева) і механізатар Віталій Шода

– Высявалі на гэтым участку ячмень айчыннага сорту «бацька», які заняў дзесяць гектараў,  – расказвае брыгадзір Вячаслаў Ермаковіч. – Набылі сёлета шэсць тон суперэлітнага насення. Усяго ячмень на палетках нашай брыгады размесціцца на 62 гектарах, пасеем і сорт «магутны». Папярэднік добры: летась тут вырошчвалі цукровыя буракі. Глебу належным чынам заправілі ўгнаеннямі. Ёсць спадзяванні на неблагі ўраджай. Першым мы пасеялі на 40 гектарах авёс, на чарзе – аднагадовыя травы.

У брыгадзе Вячаслава Ермаковіча з году ў год атрымліваюць высокія ўраджаі ўсіх сельгаскультур, бо ён дасканала ведае тэхналогію і ўкараняе яе ў практыку. Дарэчы, у працоўнай біяграфіі спецыяліста, які шчыруе ў таварыстве пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума, гэтая пасяўная кампанія юбілейная – саракавая па ліку.

Усе палявыя работы ў гаспадарцы вядуцца ў комплексе. Тэхніка падрыхтавана надзейна, і справіцца з веснавой сяўбой кіраўніцтва таварыства разлічвае ў самыя сціслыя тэрміны.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *