Сям’я – гэта своеасаблівы дом чалавека, яго «другое сэрца», жыццяздольнасць якога трымаецца на чатырох вуглах. Першы – святло бацькоў, другі – дзіцячая ўсмешка, трэці – верныя сябры, чацвёрты – госці дарагія…
У такі дом, поўны сяброў і гасцей, пераўтварылася раённая дзіцячая бібліятэка, дзе тэрытарыяльны цэнтр зладзіў вельмі цёплую тэматычную гутарку-сустрэчу. Яна праходзіла з удзелам старшакласнікаў гарадскіх школ і маладых людзей сіроцкай катэгорыі, якіх патраніруе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у рамках праекта «Рука дапамогі». Арганізатар і вядучы сустрэчы Сяргей Есіс запрасіў кампетэнтных гасцей – старшыню асацыяцыі шматдзетных сямей раёна Алену Асаёнак (яе, маці пяцярых дзяцей, папрасілі прыйсці з ордэнам маці-гераіні), загадчыцу акушэрска-гінекалагічнага аддзялення раённай бальніцы Маю Цераховіч, начальніка аддзела ЗАГС Надзею Картузаву і святара Аляксандра Марцінчыка.
Кожны з выступоўцаў дзяліўся ўласным жыццёвым досведам і той каштоўнай «службовай» інфармацыяй, далікатнымі псіхалагічнымі назіраннямі, якія ніхто іншы, акрамя дасведчанага спецыяліста-практыка, не зможа заўважыць і падказаць. Напрыклад, Надзея Картузава расказала, што будучы лёс новай сям’і нярэдка бывае адчувальны ўжо ў першым сумесным праекце маладажонаў – пры падачы заявы ў ЗАГС, падчас запаўнення анкеты. Перад моладдзю выступілі шчаслівыя маладажоны (такі статус быў у іх на той момант, а сёння яны – муж і жонка) – Юрый Васіленка і Кацярына Шыбко.
Падчас сустрэчы маладыя людзі не былі пасіўнымі назіральнікамі – яны актыўна сачынялі казкі і адгадвалі загадкі, рэалізоўвалі творчыя заданні. З імі было праведзена анкетаванне, паказаны сацыяльныя відэаролікі аб каштоўнасці сям’і з наступным абмеркаваннем.
Думку рэспандэнтаў у выніку праведзенага анкетавання агучыла спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра Зінаіда Катлашэўская. Радуе, што большасць моладзі асэнсавана і станоўча ставіцца да шлюбу, не імкнецца да ранняга шлюбу. Усе 100 працэнтаў апытаных адзінадушныя ў тым, што самая важная прычына, якая злучае людзей у сям’ю, – гэта каханне.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ