Праект «Вайна. Памяць. Перамога»
Жыве ў вёсцы Перакопаўшчына ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Юльян Мамонька.
Калі яго прызвалі ў войска ў 18 гадоў, пасля вызвалення Беларусі, ён трапіў у 40-ы танкавы полк. Быў стралком, а затым бясстрашнага салдата перавялі ў разведчыкі. Першае ваеннае заданне ён выконваў на тэрыторыі Польшчы. У далейшым на яго баявым шляху было вызваленне Варшавы, Дрэздэна, Берліна і іншых гарадоў.
Падчас аднаго з заданняў на падыходзе да Берліна Юльян Міхайлавіч атрымаў раненне. Пасля лячэння ў шпіталі ён вярнуўся ў часць і працягваў хадзіць у разведку. Доўгачаканую Перамогу сустрэў у Берліне. Дадому вярнуўся толькі ў 1946 годзе. Узнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.».
У мірную пару Юльян Міхайлавіч доўгі час працаваў трактарыстам у калгасе імя Мічурына. Ён добры гаспадар. Жыве з гумарам. Мае чацвёра дзяцей, сямёра ўнукаў і дзесяць праўнукаў. Яго паважаюць аднавяскоўцы старэйшага і малодшага пакаленняў.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ